Беларуская праваслаўная царква і бізнес-колы Беларусі выйшлі на прынцыпова новы ўзровень узаемаразумення.

Такую думку выказаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі на сумесным пасяджэнні 18 мая Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, Асацыяцыі беларускіх камерцыйных банкаў і Апякунчае рады Духоўна-адукацыйнага цэнтра БПЦ.

«З гэтага высокага ўзроўню нам больш бачны не толькі прычыны ўнутрынацыянальных і сусветных падзей, але і метады пераадолення цяжкасцей», - сказаў Уладыка.

Прадстаяцель БПЦ адзначыў, што ўдзельнікі пасяджэння падводзяць вынікі сумеснай работы праваслаўных хрысціян, «якіх прадстаўляюць, з аднаго боку, свяшчэннаначалле і клір царквы, а з другога - прадстаўнікі дзелавых колаў нашага грамадства». «За гады сумеснай працы мы не толькі лепш даведаліся адзін пра аднаго, але і вызначылі кола тых спраў, за якія мы будзем несці агульную адказнасць перад Богам і людзьмі. Мы адказныя за лёсы царквы, за становішча спраў у Айчыне, за стан сваіх розумаў і сэрцаў», - дадаў мітрапаліт.

Удзельнікі сустрэчы звярнуліся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, прадпрымальнікаў і ўсіх грамадзян Беларусі з просьбай «падтрымаць імкненні кіраўніцтва Беларусі, Беларускай праваслаўнай царквы і іншых канфесій, а таксама канструктыўных сіл грамадзянскага грамадства ў духоўна-маральным выхаванні грамадзян».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?