5 ліпеня 2006 г. адбылася гістарычная падзея, якой мінскія каталікі чакалі пятнаццаць гадоў. У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая гэтага года, будынак касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску быў перададзены старэйшай каталіцкай парафіі сталіцы. Акт аб перадачы быў зачытаны ў сакрыстыі касцёла ў прысутнасці Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі, канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяльнай курыі кс. Юрыя Касабуцкага, пробашча парафіі кс. Міхала Сапеля, дырэктара Беларускай дзяржаўнай філармоніі А. В. Гарбара, прадстаўнікоў Міністэрства культуры РБ і членаў кампетэнтнай камісіі.

Рыма-каталіцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску была заснаваная ў XIV ст. каралём Ягайлам. Гэта самая старажытная каталіцкая супольнасць у горадзе, пра якую захаваліся дакументальныя звесткі. Першапачаткова парафіяльны касцёл знаходзіўся на Траецкай Гары, прыблізна там, дзе цяпер месцяцца карпусы 2-га клінічнага шпіталя. У пачатку ХІХ ст. парафіяльнай святыняй быў драўляны касцёл на Залатагорскіх могілках у прадмесцях Мінска.

У 1861–1864 гг. быў пабудаваны мураваны касцёл у неагатычным стылі, які захаваўся да сённяшняга часу. Адметны той факт, што ахвяраванні на яго пабудову збіралі не толькі мінскія каталікі, але таксама праваслаўныя і юдэі ў знак падзякі святому Роху, які выратаваў горад ад страшнай эпідэміі халеры. Касцёл быў багата аздоблены ўнутры. На пачэсным месцы ў правым бакавым алтары знаходзілася цудатворная фігура святога Роха – апекуна горада Мінска. У касцёле былі цудоўныя арганы і нават дзейнічала школа арганістаў. Акрамя таго, парафія мела вялікую маёмасць у горадзе і прадмесцях.

Насычанае парафіяльнае жыццё было гвалтоўна перапынена ў 30-я гг. ХХ ст. у выніку пераследу рэлігіі з боку савецкай улады. Да вайны набажэнствы ў касцёле адбываліся нерэгулярна, бо ў той час шмат святароў былі арыштаваныя або вымушана выехалі на выгнанне. Падчас вайны набажэнствы на пэўны час узнавіліся. У ходзе баёў за Мінск будынак касцёла быў значна пашкоджаны, што відаць на архіўных фотаздымках. Па сведчаннях відавочцаў, вернікам удалося сабраць сродкі і самім аднавіць знішчаны дах святыні. Аднак пасля вайны набажэнствы ў касцёле на Залатой Горцы ўжо больш не адбываліся; было разрабавана, знішчана ці бясследна вывезена ўсё, што яшчэ заставалася ад унутранага ўбрання.

У пасляваенны перыяд будынак касцёла доўгі час выкарыстоўваўся як кнігасховішча, а Залатагорскія могілкі – самы вялікі і знакаміты каталіцкі некропаль у горадзе – былі знішчаны. У 1976 г. касцёл быў адрэстаўраваны і часткова адрэмантаваны, пасля чаго ў ім размясцілася філарманічная зала камернай музыкі і былі ўсталяваныя новыя арганы чэшскай фірмы «Riegerkloss».

У 1991 г. была адноўлена парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), і па дамоўленасці з філармоніяй у касцёле ізноў пачалі адбывацца набажэнствы. На сродкі вернікаў касцёлу было вернута аблічча святыні. З самага пачатку аднаўлення дзейнасці парафіі вернікі дамагаліся поўнага вяртання святыні. Ад іх імя пробашч парафіі ксёндз Міхал Сапель няспынна звяртаўся да ўладаў з просьбамі аб перадачы касцёла парафіі, а вернікі ўвесь час маліліся за гэта. Кожную сераду парафіяльная моладзь праводзіла адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой малілася аб вяртанні Залатагорскай святыні, а адпаведная малітва стала неадменным дадаткам да набажэнства да святога Роха. І вось, нарэшце, малітвы былі выслуханы, а просьбы вернікаў пачутыя, і 5 ліпеня 2006 г. завяршыліся ўсе фармальнасці, звязаныя з перадачай касцёла на баланс парафіі.

Аднак бязмежная радасць вернікаў і іх пробашча крыху азмрочана тым, што касцёл перадаецца ў вельмі занядбаным стане – будынку і ўсім камунікацыям патрэбны неадкладны капітальны рэмонт, на які спатрэбяцца вельмі вялікія сродкі, а іх парафія пакуль не мае. Між тым, трэшчыны, што, нібы павуцінне, аблыталі скляпенні і сцены касцёла, дзе-нідзе ўжо дасягаюць таўшчыні ў сантыметр, і з кожным годам усё павялічваюцца. Калі не прыняць неадкладных мераў, беларуская сталіца можа застацца без аднаго з найпрыгажэйшых сваіх помнікаў архітэктуры, якіх у Мінску і без таго захавалася катастрафічна мала. Таму вернікі парафіі звяртаюцца да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб дапамозе. Безумоўна, парафіі патрэбна не толькі фінансавыя сродкі і прафесійная дапамога спецыялістаў. Самая першая і важная дапамога – гэта малітва, і ў скарбонку малітвы свой унёсак можа зрабіць кожны вернік.

Catholic.By

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0