Коддавінчыяда працягваецца. Памірае стары Папа. Падчас абрання новага тэрарысты, чые сляды цягнуцца з глыбіні стагоддзяў, бяруць колькі кардыналаў‑прэтэндэнтаў у закладнікі.

У адказ ватыканская паліцыя (так‑так, ёсць і такая!) тэрмінова выпісвае з Амерыкі нашага старога знаёмца прафесара‑клаўстрафоба, спеца па таемных таварыствах і сакрэтных сімвалах Роберта Ленгдана (ён жа Форэст Гамп назаўсёды Том Хэнкс).

Будзе ўсё: і шматразовыя незаконныя перасячэнні італьяна‑ватыканскай мяжы, і прымусовае купанне кардыналаў у басейне, і добраахвотныя палёты камергераў на верталётах, і нямецкамоўныя з акцэнтам швейцарскія гвардзейцы, і намеры абраць першага ў гісторыі Папу‑Рэмба…

Лаўры аўтара «Імя ружы», Умберта Эка, які паралельна і незалежна ад Караткевіча, вынайшаў гістарычны дэтэктыў, не даюць спакою Дэну Браўну. Важна, каб глядзелася і павучальна, і захапляльна. Каб гісторыя разгадвалася як судоку. Хіба, у адрозненне ад «Дзікага палявання караля Стаха», ты — занураны ў тунэлі і лабірынты гістарычных таямніцаў, але ахвочы выйсці на свет божы, да людства — ля дзвярэй натыкаешся на напісаную вытанчаным гатычным шрыфтам шыльду «выхаду няма». Па такіх кніжках не нудна вучыць англійскую, на экранізацрыях паводле гэтых кніжак прыемна цалавацца на апошнім шэрагу. Ці размаўляеце вы па‑ватыканску?

Чаму варта глядзець гэты фільм:

1. Каб убачыць, якая сувязь паміж абраннем Папы і Вялікім адронным калайдэрам.

2. Каб убачыць чарговую дзеўчыну Бонда, прабачце, чарговую сяброўку прафесара Ленгдана. Пасля францужанкі Одры Тоту гэты цяжар упаў на плечы зоркі ізраільскага кіно Аелет Зурэр, якая ўвасабляе фізіка‑практыка і дэтэктыва‑аматара.

3. Каб па выхадзе пасля сеансу з кінатэатру «Масква», завітаўшы ў старасвецкія дворыкі Ракаўскага прадмесця, абмінуўшы рэзідэнцыю экзарха і непрыступную Петрапаўлаўскую царкву (якая за саветамі, дарэчы, была архівам), разыграць у думках свой гістарычны дэтэктыў на мясцовым грунце.

Павал Касцюкевіч

 «Анёлы і дэманы», містычны трымценнік, ЗША, 138 хв.

«Анёлы і дэманы», містычны трымценнік, ЗША, 138 хв.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0