Сёння ў Варшаве лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч даў старт навучальнай праграме імя Кастуся Каліноўскага, дзякуючы якой 214 беларускіх студэнтаў, пацярпелых за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі і пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў, змогуць працягнуць навучанне ў ВНУ Польшчы.

Урачыстая цырымонія інаўгурацыі навучальнай праграмы адбылася сёння ўвечары ў Варшаўскім універсітэце. Беларускіх студэнтаў віталі прэм’ер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч і спікер Сенату Польшчы Богдан Барусевіч.

Адкрываючы праграму лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч падзякаваў польскаму ўраду за салідарнасць з рэпрэсаванымі беларусамі і звярнуўся з вітальным словам да студэнтаў:

- Сваімі мужнымі ўчынкамі вы выказалі ўласную грамадзянскую пазіцыю і сваю любоў да Беларусі. Маю надзею, што вымушанае навучанне за мяжой стане для вас яскравым сведчаннем таго, што рэальнасць, якая пануе ў нашай краіне – не адзіная магчымая. Вы атрымалі магчымасць бачыць жыццё з іншай перспектывы. Я веру, што гэта ацэнка дапаможа вам прыняць правільныя рашэнні і рухацца ўперад, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч папрасіў таксама студэнтаў не ацэньваць створаныя для навучання магчымасці як узнагароду, а толькі як магчымасць атрымаць дастойныя еўрапейскія веды, якія будуць абавязкова запатрабаваныя ў дэмакратычнай Беларусі.

- Я спадзяюся, што тая адукацыя, якую вы атрымаеце па-за межамі роднай Бацькаўшчыны, дасць штуршок вашай далейшай прафесійнай кар’еры і дапаможа збудаваць новую Беларусь з моцнай эканомікай, з дэмакратычнымі свабодамі. Беларусь, якая будзе адкрыта да міжнароднай супрацы, і якую будуць шанаваць не толькі ў Еўропе, а ва ўсім свеце. Прыйдзе час і з’явіцца вялікі попыт на годных людзей з добрай адукацыяй. Якая б не была ваша прафесія, ведайце, што вы патрэбны сваёй краіне і яна яшчэ будзе ганарыцца вамі, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Пачынаючы з 6 ліпеня беларускія студэнты будуць інтэнсіўна вывучаць польскую мову. У жніўні для іх будуць арганізаваныя азнаямленчыя падарожжы па Польшчы. Плануецца, што моладзь ўбачыць гістарычныя мясціны Польшчы, і наведае таксама універсітэцкія гарады, якія ад пачатку кастрычніка прымуць беларускіх студэнтаў.

Паводле ўмоваў праграмы, пераважная большасць студэнтаў працягне навучанне на тых факультэтах, на якіх навучалася ў Беларусі. Магчымасць змяніць факультэт будуць мець толькі тыя студэнты, якія былі выключаныя за палітычную дзейнасць з першага курсу.

Праграма навучальных стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, пацярпелых у выніку палітычнай кампаніі бягучага года, была заснаваная 30 сакавіка ў Варшаўскім універсітэце прэм’ер-міністрам Польшчы, лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам і рэктарамі вышэйшых навучальных установаў Польшчы.

Праграма разлічаная на 300 месцаў і да 15 ліпеня яна застаецца адкрытай. 10 месцаў у навучальных установах для беларускіх студэнтаў прапанаваў таксама ўрад Эстоніі. Ёсць прапановы ад Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі і Нарвегіі. Існуе магчымасць завочнага навучання ва Украіне, якая гатовая вылучыць 100 месцаў для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?