ААТ «Российские железные дороги» можа ўзяць удзел у прыватызацыі Беларускай чыгункі (БЧ) у выпадку адпаведнага рашэння беларускага боку.
Пра гэта прэзідэнт РЖД Уладзімір Якунін паведаміў на прэс‑канферэнцыі 22 мая ў Мінску па выніках пасяджэння Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў — удзельніц СНД.
«Магчыма, што возьмем удзел, — сказаў Якунін. — Такі ж, як у выпадку, калі ў Беларускай чыгункі ўзнікне жаданне стаць уладальнікам нейкага пакета РЖД».
Паводле слоў прэзідэнта РЖД, чыгункі дзвюх краін з’яўляюцца элементамі аднаго транспартнага калідора. «Будзе РЖД саўладальнікам інфраструктуры БЧ ці не будзе, нам наканавана сумесна выпрацоўваць адзіную тарыфную і тэхналагічную палітыку. А не за гарамі той момант, калі мы будзем дамаўляцца аб тым, што новыя цягнікі з аўтаматычнай зменай шырыні каляіны павінны будуць ісці з Еўропы і назад. І гэтая прылада будзе ўстаноўлена на мяжы Беларусі і Еўрасаюза», — зазначыў Якунін.