Урад прапануе знізіць агульную падатковую нагрузку яшчэ на 1,3% ад ВУП. Змены ў падатковае заканадаўства маюць быць унесеныя тэрмінова, ад 1 чэрвеня. Плануецца адмяніць абаротны падатак, які адлічваецца ў фонд падтрымкі сельгасвытворцаў, 5-адсоткавы мясцовы збор з продажаў, 3% мясцовага збору са звышпрыбытку на развіццё рэгіёна і на 4% зменшыць падатак на прыбытак.

У якасці кампенсацыі плануецца павялічыць стаўку падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) з 18% да 22%, паведамляе «Інтэрфакс».

Пра ўсё гэта на паседжанні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях — кансультацыйнага органу з удзелам дырэктарату — заявіў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Як мяркуе эканаміст Аляксандр Чубрык, адмена такой колькасці падаткаў варта ацэньваць як дастаткова сур’ёзны крок: «Выглядае, што ўрад усур’ёз задумаўся над пытаннем прыцягнення капіталу».

Падвышэнне ПДВ з 18% да 22% узамен за скасаванне іншых падаткаў падаецца апраўданым крокам,
лічыць эканаміст.

«Летась адмена некаторых падаткаў праходзіла незаўважна для бюджэту, бо страты ад іх адмены з гакам кампенсаваліся звышпрыбыткамі ад дарагой нафты», – кажа А.Чубрык.

Сёлета паступленні ў бюджэт за кошт падаткаў скараціліся на 11% у параўнанні з мінулым годам – з 51 да 40%, і такія страты трэба неяк кампенсаваць.

Акрамя таго, дынаміка ПДВ залежыць ад імпарту, які акурат цяпер пачаў скарачацца, адпаведна пачалі змяншацца паступленні ад выплаты падаткаў на дададзеную вартасць.

«Цэны на імпартныя тавары вырастуць і яшчэ не вядома, як на гэта адрэагуе бізнес, бо ў той жа Расеі ПДВ захоўваецца на ранейшым узроўні» – мяркуе А. Чубрык.

Па яго словах, ініцыятыва ўраду хутчэй за ўсё будзе рэалізаваная, бо ніякіх абавязальніцтваў па ўтрыманні стаўкі ПДВ перад МВФ наша краіна не мае.

Беларусь на вачах ператвараецца ў краіну з вельмі прарынкавым падатковым заканадаўствам. Нагадаем, што ад 1 студзеня быў уведзены адзін з найніжэйшых ў Еўропе лінейны падаходны падатак — 12%.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0