У выпадку прыняцця закону, ужо ў 2016 годзе кожны аўтамабіль на 100 км будзе расходаваць у сярэднім 6,5 літраў паліва меней.

Адміністрацыя Абамы абвесціла план павышэння эканамічнасці аўтамабіляў на 40%. Адзін з галоўным пунктаў плану — абмежаванне расходу паліва легкавікамі прыкладна да 6,6 л на 100 км. Дзеля гэтага будуць масава ўводзіцца рухавікі новых, даражэйшых тыпаў.

Гэта выкліча рост цаны аўтамабіляў і прывядзе да зніжэння продажаў вялікіх машынаў, якія так папулярныя ў Амерыцы. Пікапаў кшталту Chevrolet Silverado і Dodge Ram, а таксама мінівэнаў-вялікасямейнікаў тыпу Chrysler minivan і Chevrolet Traverse пачнуць выпускаць менш.

Мэта новага плану — зменшыць спажыванне паліва Штатамі. На сёння ЗША імпартуе вялізную долю спажыванай нафты, што тым самым зводзіць у мінус замежнагандлёвы баланс і дае вялізныя капіталы ў рукі аўтарытарных рэжымаў нафтаздабываючых краінаў.

Мэта нумар два — зменшыць выкіды шкодных рэчываў у атмасферу, якія выклікаюць парніковы эфект і падрываюць здароўе людзей.

Амбітны план Абамы напэўна сутыкнецца з супрацівам як з боку простых амерыканцаў, у якіх любоў да крутых тачак у крыві, так і з боку аўтамабільнага лобі. Уратаванне ледзь жывых гігантаў аўтаіндустрыі, канцэрнаў “Крайслер” і “Джэнэрал мотарз” залежыць ад продажаў.

Калі Абаму ўдасца правесці план праз Кангрэс, увядзенне новых нормаў выкліча рэвалюцыю ў аўтамабілебудаванні. У выпадку прыняцця закону, ужо ў 2016 годзе кожны амерыканскі аўтамабіль на 100 км будзе расходаваць у сярэднім 6,5 літраў паліва меней проці цяперашняга роўню.

Зніжэнне залежнасці ЗША ад імпарту паліва было адным з асноўных пунктаў выбарчай праграмы Абамы.

Новы план абыдзецца амерыканскім падаткаплатнікам не танна: Дзеля яго рэалізацыі Міністэрства энергетыкі ЗША мае вылучыць $25 млрд даляраў дзяржаўных гарантый. Яшчэ $50 мільярдаў будзе каштаваць Закон аб абароне клімату. Цана легкавіка вырасце ў сярэднім на $1300, аднак з часам эканомія на бензіне мае кампенсаваць гэтыя траты.

Калі такія нормы ўвядуцца ў ЗША, следам на іх пяройдзе і рэшта свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?