Супрацоўнікі падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкама, МУС і тэрытарыяльных РУУС 22 мая затрымалі ў Менску 42‑гадовага грамадзяніна Турцыі. Ён падазраецца ў арганізацыі секс‑тураў замежных грамадзян у Беларусь.

Як паведамілі ў ГУУС, падазраваны працаваў у адной з менскіх фірм, якія займаюцца турыстычным бізнесам.

Карыстаючыся службовым становішчам, ён прапаноўваў мужчынам, якія прыбываюць у Беларусь ў дзелавыя ці турыстычныя паездкі, аказанне «дадатковых паслуг» беларускімі жанчынамі.

Акрамя таго, паводле папярэдняй інфармацыі, падазраваны таксама арганізоўваў уезд на тэрыторыю Беларусі замежных мужчын непасрэдна з мэтаю секс‑турызму.

Зацікаўленым асобам на арандаваных кватэрах арганізоўваліся сустрэчы з беларускімі прастытуткамі. Цана для заказчыкаў сексуальных паслуг была прыблізна 150 даляраў за гадзіну. У сваю чаргу, за арганізацыю сустрэчы з іншаземцам жанчыны лёгкіх паводзін аддавалі частку сумы названаму вышэй турэцкаму грамадзяніну. Як правіла, ён ацэньваў сваю адміністратыўную падтрымку ў 50 даляраў.

Цяпер вядома, што іншаземцамі, якія прыязджаюць у секс‑туры ў Менск, былі грамадзяне Турцыі. Аднак у міліцыі не выключаюць, што падобныя паслугі затрыманы мог аказваць і грамадзянам іншых дзяржаў. Зараз гэта інфармацыя правяраецца.

23 мая следчым аддзелам папярэдняга расследавання Савецкага РУУС распачата крымінальная справа па ч. 1 арт.171 КК (выкарыстанне занятку прастытуцыяй ці стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй). Затрыманы змешчаны ў ІЧУ. Праводзіцца следства.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0