Праваахоўныя органы правяраюць расходаванне сродкаў на падрыхтоўку беларускіх удзельнікаў да міжнароднага конкурсу «Еўрабачанне‑2009».

Цяпер у Белтэлерадыёкампаніі працуе спецыяльная камісія. Як доўга яна будзе працаваць, у прэс‑службе кампаніі сказаць не здолелі.

Паводле адной з версій, праверка праводзіцца па скарзе Пятра Ялфімава, які выступаў ад Беларусі на конкурсе. Аднак прадзюсер спевака Таццяна Касмачова гэтую інфармацыю абвяргае.

Скандал вакол «Еўрабачання» нядаўна пракаментаваў кіраўнік дзяржавы.

«Мне гэта ўжо добра надакучыла, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 мая падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць. — Балбатня, бойка і іншае. Старызна, хлам, інакш не назаву. Сабраліся вакол гэтага, піяраць, можа, яшчэ і грошы якія дзеляць. Разбяромся».

Прэзідэнт паведаміў, што падрыхтоўкай да «Еўрабачання» будуць займацца новыя людзі. «Тыдзень таму новыя людзі пачалі прапрацоўваць новыя праекты ўдзелу Беларусі ў «Еўрабачанні», — заявіў Лукашэнка. Паводле яго слоў, «будуць заменены і кампаніі, і людзі».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падрыхтоўкай беларускіх удзельнікаў да «Еўрабачання» у наступным годзе будзе займацца тэлеканал АНТ, а праект «ЕўраФэст» Першага канала закрыюць.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0