Прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін лічыць немэтазгодным выкарыстоўваць расійскія крэдытныя рэсурсы для закупкі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Пра гэта ён заявіў 25 мая на пасяджэнні прэзідыума ўрада РФ, паведамляе РІА Новости.

"Нашы крэдытныя рэсурсы больш мэтазгодна выкарыстоўваць для закупкі айчыннай сельгастэхнікі", — заявіў кіраўнік расійскага ўрада.

Паводле яго слоў, беларускі бок прапанаваў Расіі купляць у Беларусі трактары з выкарыстаннем крэдытных схем.

"Пытанні, якія задаюць нашы беларускія сябры, яны сёння вядомыя, і яны тычацца сферы сельгасмашынабудавання. Яны просяць пашырыць магчымасці продажу сваёй сельгастэхнікі на нашым рынку", — зазначыў прэм'ер-міністр. Ён папрасіў міністра сельскай гаспадаркі Алену Скрыннік пракаментаваць гэтую сітуацыю.

Кіраўнік Мінсельгаса са свайго боку нагадала, што на тэрыторыі Расіі арганізавана зборка трактароў беларускай вытворчасці. "Арганізавана зборка 11 тысяч трактароў беларускай вытворчасці, якія мы атрымліваем на тэрыторыю РФ у выглядзе трактаракамплектаў", — сказала міністр.

Пры гэтым яна дадала, што крэдытныя рэсурсы "дастаткова цяжка кантраляваць" у сучасных умовах, і нагадала, што на дзяржаўныя сродкі па лізінгу ўжо выкуплены трактары, якія дагэтуль не запатрабаваныя.

Як паведамлялася раней, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы 19 мая з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным у Мінску выказаў занепакоенасць абмежаваннем прамых паставак беларускай тэхнікі ў Расію.

"Рассельгасбанк" не крэдытуе беларускую тэхніку, г.зн. фактычна пастаўкі тэхнікі па прамых дагаворах абмежаваныя. Я думаю, гэта будзе прадметам нашых перамоў. Мы ўнеслі шэраг прапаноў па падтрымцы крэдытавання як у Беларусі, гэтак і ў Расіі", — сказаў прэм'ер-міністр. Кіраўнік беларускага ўрада падкрэсліў, што Беларусь "не прымае і не ўводзіць іншых абмежавальных мер, нават ва ўмовах фінансавага крызісу, і робіць усё, каб наш рынак быў максімальна адкрыты для тавараў з сумежных дзяржаў".

28 мая ў Мінску адбудзецца пасяджэнне саюзнага Саўміна, на якім будзе абмеркавана 29 пытанняў, у прыватнасці па рэалізацыі вытворчых праграм, у тым ліку па нанатэхналогіях, супрацоўніцтве ў сельскагаспадарчай сферы, пастаўках прадукцыі. Будзе таксама разгледжаны праект саюзнага бюджэту на 2010 год і іншыя пытанні міждзяржаўнага і міжурадавага ўзроўню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?