28 моладзевых лідэраў з розных палітычных партый і грамадскіх арганізацый прынялі маніфест аб сваёй супольнай далейшай дзейнасці. Сярод падпісантаў Павел Севярынец, Юрась Губарэвіч, Алесь Міхалевіч, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Алесь Лагвінец, Наста Палажанка, Сяргей Салаш, Алесь Зарэмбюк, Аляксей Шэін і іншыя.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец кажа, што ў дэмакратычным руху наспела патрэба ў змене пакаленняў. «Падымаецца новая хваля палітыкаў, гатовых узяць на сябе адказнасць. І вельмі важна нам быць разам у гэтай хвалі», — кажа П.Севярынец.

Палітык зазначае, што за апошнія 10 гадоў дзеянні ўнутры апазіцыі нагадваюць стагнацыю, таптанне на месцы.

Севярынец кажа, што пад гэтым зваротам падпісаліся людзі розных палітычных поглядаў, але, якія здольныя да перамоваў і знаходжання кампрамісаў,

у адрозненне ад старэйшага пакалення палітыкаў.

Юрась Губарэвіч зазначае, што большасць падпісантаў маніфесту людзі, якія сфарміраваліся падчас акцый пратэсту 1990‑ых гадоў.

«Гэта новая каманда дзеяздольная», — кажа Наста Палажанка. «Малады фронт» хацеў бы ўзяць удзел у шырокім Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Палажанка гаворыць, што іхняя арганізацыя не збіраецца удзельнічаць у абранні адзінага кандыдата. «Мы прапаноўваем засяродзіцца не на персаналіях, а на Беларусі».

Юрась Губарэвіч зазначыў, што падпісанне дадзенага маніфесту не прадугледжвае стварэнне новай кааліцый, нейкага падабенства АДС.

«Гэта тыя сілы, якія аб’ядналіся на глебе еўрапейскага выбару, незалежнасці, дэмакратыі», — кажа Ю.Губарэвіч.

У маніфесце адзначаецца, што моладзь падтрымлівае дзеянні лідэра Руху за Свабоду Аляксандра Мілінкевіча па наладжванні адносінаў Беларусі і Еўрасаюзу. «Кампанія, што разгарэлася апошнім часам супраць Мілінкевіча стала апошняй кропляй для падпісання такога звароту.

Некалі мы назіралі, як знішчалі Зянона Пазняка. Нельга дапусціць, каб сёння гэта паўтарылася з Мілінкевічам», — сказаў П.Севярынец.

На пытанне, чым жа Мілінкевіч лепшы за іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення, сустаршыня БХД адказаў, што лідэр Руху за Свабоду вылучаецца «прыроднай еўрапейскасцю, інтэлігентнасцю, здольнасцю дамаўляцца».

Журналіст «НН» нагадаў, што тры гады таму моладзь ужо заяўляла пра гатоўнасць узяць адказнасць за краіну. Тады нічога не атрымалася, чаму павінна атрымацца зараз? «Сітуацыя істотна адрозніваецца ад 2006 году, цяпер мы маем зусім іншыя палітычныя рэаліі», — сказаў Ю.Губарэвіч.

«Цяпер нас болей, чым тры гады таму, — дадаў П.Севярынец. — Тады шмат хто сядзеў, хто ў лесе, хто ў турме. Цяпер жа мы выйшлі з лесу».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?