Намесніца старшыні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская абвяргае заявы Уладзімера Някляева і Алеся Пашкевіча пра далучэнне арганізацыі да парасонавай структуры «Беларускі дом».

Яна піша: «Апошнімі днямі ў прэсе (сайты Мы, tut.by газета «Народная воля») з’явілася інфармацыя пра стварэнне новага грамадскага аб’яднання «Беларускі дом».

Сама па сабе ідэя аб’яднання адных з найстарэйшых і іміджавых арганізацый Беларусі дзеля супольнай працы на ніве развіцця нацыянальнай духоўнасці, культуры і самаідэнтыфікацыі, не выклікала б пытанняў, калі б не наступная акалічнасць, — піша ў сваім лісце Ніна Шыдлоўская. —

Адным з ініцыятараў новага аб’яднання названа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына».

Сапраўды, некалькі месяцаў таму да кіраўніцтва Згуртавання звярнуўся вядомы палітык, экс‑кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін з прапановай стварыць асацыяцыю пад умоўнай назвай «Беларускі дом» з наступным стварэннем унітарнага прадпрыемства.

Сцвярджалася, што гэта будзе новае грамадскае аб’яднанне кшталту асацыяцыі, якое збіраецца працаваць дзеля павышэння нацыянальнай свядомасці беларусаў. Аднак Згуртаванне «Бацькаўшчына» шмат гадоў і так працуе на гэтай ніве, у тым ліку апошнім часам — каардынуючы досыць паспяховую кампанію «Будзьма беларусамі», і гэты накірунак дзейнасці мае вялікія перспектывы. Відавочна і іншае: усе палітычныя нішы ўжо занятыя.

Таму іншага шляху, як праз культуру, вярнуцца на грамадска‑палітычнае поле Беларусі сп. Казулін, падобна, не бачыць.

Ніхто не збіраецца прынізіць ролю палітыка Аляксандра Казуліна. Асабіста я ўвогуле схіляю галаву перад мужнасцю і стойкасцю чалавека, які з высокай годнасцю прайшоў цяжкія выпрабаванні, захаваўшы і выкрышталізаваўшы моцны патэнцыял як асоба і палітык. Аднак узнікае цалкам абгрунтаванае пытанне:

наколькі структура, якая ствараецца настолькі вядомым палітыкам насамрэч можа заставацца выключна ў культурніцкай нішы і не будзе палітызаваная як самімі ініцыятарамі ідэі, так і ва ўспрыняцці яе грамадскасцю.
Тым больш, што неаднаразова публічна сам Аляксандр Казулін заяўляў пра свае цалкам абгрунтаваныя палітычныя амбіцыі.

Але прапанова паступіла. Таму Рада «Бацькаўшчыны» прыняла адносна ўдзелу ў стварэнні «Беларускага дома» наступнае рашэнне: у сувязі са сканчэннем паўнамоцтваў дзейснай Рады (што з’яўляецца сусветнай дэмакратычнай практыкай), у выпадку актуальнасці вярнуцца да разгляду гэтага пытання пасля правядзення чарговага Пятага з’езда беларусаў свету.

На станоўчае рашэнне аб удзеле ў стварэнні «Беларускага дому» гэта, пагадзіцеся, абсалютна не падобна.

Таму і здзіўляе, якім чынам падчас інтэрв’ю Уладзіміра Някляева ў «Народнай Волі» (№ 77‑78) з пытаннем Алеся Пашкевіча (сябра Рады «Бацькаўшчыны» і старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў), згаданае вышэй рашэнне Рады, на якім ён сам, дарэчы, і прысутнічаў, з’явілася выснова, што СБП разам з ТБМ «і згуртаваннем «Бацькаўшчына» прапанаваў стварыць грамадскае аб’яднанне «Беларускі дом».

Тым больш, што ў адпаведнасці са Статутам «Бацькаўшчына» мае права ўваходзіць выключна ў міжнародныя грамадскія аб’яднанні, блізкія па мэтах і задачах.

Больш таго, пачынаючы ад 1990‑х Беларускі дом дзейнічаў на базе «Бацькаўшчыны», пакуль аб’яднанне разам з інфармацыйным цэнтрам, бібліятэкай і архівам беларускай дыяспары, што складалі аснову Беларускага дома, не выселілі з памяшкання.
І дасюль маёмасць Беларускага дома знаходзіцца па кватэрах ды гаражах сяброў Згуртавання. А цяпер новая ініцыятыва скарыстоўвае напрацаваную назву — Беларускі дом, якая ўжо была на слыху не толькі ў Беларусі, але і ў асяродках беларускай дыяспары.

Дык чым тады з’яўляецца нявольнае ўцягванне «Бацькаўшчыны» ў ствараемую палітызаваную арганізацыю: неразуменнем, што такім чынам немагчыма пабудаваць новую і дзейсную структуру, ці свядомым выкарыстаннем у палітычнай гульні напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі незалежнай арганізацыі, якая за шмат год напрацавала вялікі досвед і станоўчы імідж у галіне кансалідацыі нацыі і адраджэнні культуры?

Каму і дзеля чаго выгадна ўводзіць у зман кіраўнікоў дыяспары, якія супрацоўнічаюць з «Бацькаўшчынай», пра аб’яднанне з вядомым палітыкам, такім чынам парушаючы адзін з асноўных прынцыпаў пабудовы Згуртавання — аб’яднанне беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў, прыхільнасцяў, рэлігійных канфесій і г.д. на ніве захавання і пашырэння беларускай прысутнасці ў свеце?
Мы паважаем палітычныя погляды сваіх сябраў, таму не маем ні магчымасцяў, ні падставаў заключаць юрыдычны альянс ні з якім канкрэтным палітыкам.

Інтарэс да падобнай інфармацыі з боку журналістаў зразумелы. Але ўсё ж такі хочацца звярнуцца да сродкаў масавай інфармацыі з просьбай уважліва ставіцца да інфармацыі, з якой яны працуюць, і правяраць факты, перш чым выносіць іх на шырокае абмеркаванне.

«Бацькаўшчына» будавалася і будзе заўсёды дзейнічаць на прынцыпах дэмакратыі, свабоды слова і павагі да іншых поглядаў і меркаванняў. Таму такога ж стаўлення мы патрабуем і да сябе.

Ніна Шыдлоўская, намесніца старшыні Рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0