( “Нініны трагедыі” (Nina's Tragedies, трагікамедыя, Ізраіль, 147 хв.)

Хлопчык-падлетак і яго сябар, сарагадовы няўдака, падглядаюць у вокны, збольшага да жанчын і акрамя назірання за аголенай натурай міжволі робяцца сведкамі чужых таямніцаў і прыватных трагедыяў…

Рэжысёр Шабі Габізон дае слова людзям, якім традыцыйна адмоўлена ў праве голаса: публічных эксгібіцыяністаў і паталагічным цікавальшчыкаў за чужымі вокнамі. Свет робіцца складанейшым – ці ведаем мы, што ў галаве чалавека, які спяшаецца напярэймы? Хто ж падазрае, што хлопчык, закуты ў брэкеты і які пакуль што голіцца пальцам, апантаны зусім недзіцячай жарсцю да сваёй дарослай цёткі, а ў закончанага салдафона наадварот - у галаве трымаюцца толькі матылькі і вершыкі? Самы час выгукнуць уваслед за шэкспіраўскім Яга: “Я не той, хто я ёсць!”

Мегаполіс поўніцца дзіўнаватымі персанажамі: цырульнікамі, якія стрыгуць кліентаў на адлегласці пры дапамозе мабільнай сувязі, навукоўцаў, што прысвяцілі навуковую кар’еру вытлумачэнню храпаў пацыентаў, каханкаў, якія на сталай аснове ненавідзяць адно аднаго і таму вырашаюць пабрацца шлюбам, сучасных культурных герояў, мужных на выгляд, але па вялікім рахунку зробленых з сопляў і контрамарак.

Рэжысёр бесстаронне прыглядаецца да дзіўнотаў і вычваротаў сваіх герояў, не робячы высноваў і не даючы адзнакаў, адно пільнуючы, каб свае 15 хвілін славы атрымалі ўсе: слаўныя і бясслаўныя.

Хіба канчаткова занурыцца ў ружова-пухнатую кабінку людскіх апантанасцяў і ідэяў фікс героям не дае месца дзеяння - Блізкі Ўсход, дзе ў адрозненні ад зусім ужо ціхамірнай Еўропы, чалавека нярэдка лёс шпурляе долу на мулкую рэчаіснасць, але ж тое балючае падзенне - урадлівая глеба для праўдзівых сюжэтаў.

Маленькія трагедыі ў вялікім горадзе, дзе жыццёвыя палосы стракацяць у лепшых традыцыях італьянскага і грузінскага кіно, а хэпі энд наступіць на паховінах таты галоўнага героя, падчас якіх зробіцца канчаткова зразумела: кім і якім ты бы не быў, Бог, бацькі і вялікі горад любяць цябе.

Чаму варта глядзець гэты фільм:

1. Каб убачыць у дзеянні зорку ізраільскага кіно Аелет Зурэр: у гэтай стужцы для яе больш змястоўная роля, за тую, што яна мае ў “Анёлах і Дэманах”.

2. Каб натрапіць на беларускі след: Яўгенія Додзіна, што ў стужцы выяўляе рэпатрыянтку з былога СССР, - магілёўчанка. У 2004 годзе Додзіна была прызнаная найлепшай тэатральнай актрысай Ізраілю.

3. Каб паслухаць, як карэнныя ізраільцяне лаюцца матам па-руску: двуххвілінная тырада ў выкананні

актора Ёрама Хатаба, што грае вулічнага дзівака, выхадца з Азейрбайджану.

Fдзіны сеанс адбудзецца 27 мая 19:00 ў кінатэатры “Цэнтральны”, пр. Незалежнасці, 13

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?