- Беларусь больш не стане крыжам
Пры дарозе з Хрыстом распятым.
С. Дарожны
- Палымнее касцёр у турэмным двары—
Гэта проза і вершы, і заўтрашні дзень
І тваёй, і маёй Беларусі гарыць.
І паўзе па зямлі дыму згубнага цень
За тваім цягніком на скрываўлены ўсход,
Дзе будуецца горад на белых касцях.
Над табою нябёсы чужыя, як лёд,
І навокал снягі і лясы—у снягах…
- Ты не можаш паверыць, што шлях твой—не сон,
Што табе толькі сёння прысніўся чамусь.
А задрэмлеш на міг: бачыш жыта і лён,
Курганы і азёры, і ўсю Беларусь,
Для якой ты пісаў, для якой ты і жыў,
Каб заўсёды яна, расквітнеўшы, жыла,
Каб на нашых магілах стаялі крыжы,
Не трава забыцця палымнела-расла…
- Дагарае касцёр у турэмным двары,
Попел шэры, як снег, уздымаюць вятры,
І ляціць шэры попел не ў неба да зор,
Узляцеўшы, вяртаецца зноў у касцёр,
Каб ізноўку гарэць і гарэць, і гарэць,
І бясконца праз нашае Заўтра ляцець…