Джордж Крол запомніўся непадробнай любоўю да беларускай культуры.

Фота Андрэя Лянкевіча

Прыём з нагоды Дня незалежнасьці ЗША 4 ліпеня быў разьвітальным для пасла Джорджа Крола. Амэрыканскі пасол выступіў на ім з прамовай на беларускай мове. Ён гэтак расхваляваўся пад канец выступу, што голас яго затрымцеў і ён ледзь стрымліваў сьлёзы. «Беларусь будзе з мною», – прызнаўся ён. «За нашу і вашу свабоду!» – працытаваў ён словы Тадэвуша Касьцюшкі, героя вайны за незалежнасьць Злучаных Штатаў. – Няхай жывуць ЗША і няхай жыве Беларусь!» – скончыў ён.

Пасьля гэтага прагучалі гімны – беларускі «Магутны Божа» і амэрыканскі.

Гэты была другая дыпляматычная місія сп.Крола ў Беларусі і першая ў кар’еры ў якасьці пасла. Адносіны Беларусі і ЗША былі ня кепскімі, а вельмі кепскімі ўсе гады паслоўства Дж.Крола. Беларусь актыўна ўдзельнічала ў антыамэрыканскім інтэрнацыянале, а амэрыканскі кангрэс прыняў Акт пра дэмакратыю ў Беларусі. Невядома, ці будзе калі ў кар’еры Дж.Крола больш складаная, як у Менску, місія. «Беларусь павінна вярнуцца ў мэйнстрым эўрапейскай гісторыі», – так ён сфармуляваў сваё бачаньне задачы ў адным з выступаў. Калі ў 2003 годзе Беларусь займала ці не апошні радок сярод прыярытэтаў амэрыканскай дыпляматыі, дык у 2006 годзе ўвага да яе значна вырасла. У гэтым немалая заслуга вытрыманага і цярплівага амбасадара.

Сымпатыі беларускага бамонду ён заваяваў сваёй мілагучнай беларускай мовай і непадробнай любоўю да нашай культуры. Ён ня толькі загаварыў па-беларуску сам, але і беларусізаваў жыцьцё амбасады. Маючы мала магчымасьцяў камунікацыі з афіцыйнымі ўладамі, ён не прапускаў ніводнай нагоды для кантакту з простымі беларусамі. Ён не мінаў ніводнай кніжнай навінкі і быў асабіста знаёмы з усімі беларускімі рокерамі. Карацей, поўная процілегласьць тыповаму лукашэнкаўскаму чыноўніку.

Паводле інфармацыі «НН», новым амбасадарам ЗША ў нашай краіне можа стаць дыпляматка з досьведам працы ў Менску пры паслу Майклу Козаку, які вылучаўся жорсткім стаўленьнем да лукашэнкаўскай адміністрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?