Сцэна з фільму "Ноч у музеі-2"

Сцэна з фільму "Ноч у музеі-2"

Бітва за гледача працягваецца: у адным куце рынга Бен Стылер са сваёй нястрыманай камедыя для ўсяе сям’і “Ноч у музеі-2”, а ў другім – Крысціян Бейль з “Тэрмінатарам-4”. Поспех блокбастэра прынята ацэнваць паводле яго поспеху ў амерыканскага гледача. У дадатак шмат чаго вызначае першыя дні пракату, а дакладней першы ўік-энд. Прэм’еры двух прыгодніцкіх фільмаў прыпалі на адзін уік-энд, які доўжыўся не тры вечары, а чатыры - дзякуючы святу, амерыканскаму Дню Памяці.

Пераможцы – Бен Стылер, Эван Вінсан і Робін Вільямс: за яшчэ адну неспакойную ночку ў музеі з ажылымі Іванам Жахлівым, Абрагамам Лінкальнам і старажытнымі егіпцянамі яны зарабілі 70 мільёнаў – сума нечакана вялікая, улічваючы што за першую частку падчас першага уік-энда ў снежні 2006 году яны дасталі ўдвая менш. Беручы ў рахубу, што сямейныя фільмы маюць трывалы попыт цягам некалькі тыдняй, дык сёлета гэты фільм чакае лёс аднаго з самых касавых.

Пракатчыкі чацвёртага “Тэрмінатара“, дзе Джона Конара, правадыра людзей у іх змаганні супраць машын, грае Крысціян Бейл, а Арнольд Шварцнегер прысутнічае ў кадры эпізадычна - мусілі задаволіцца сумай у 54 мільёны даляраў. Калі гутарка вядзецца пра фільм з фантастычным бюджэтам у 200 мільёнаў, дык такая выручка хутчэй расчараванне. Да таго ж, у нішы фантастычных трымценнікаў у “Тэрмінатара-4: Збаўленне” хутка з’явіцца канкурэнт “Трансформеры-2”, чыя прым’ера адбудзецца цягам месяцу.

У прызавой тройцы - касмічная эпапея ”Стартрэк”, што сабрала за выходныя 29 мільёнаў (усяго за 3 тыдні - 191 мільён). Прыбыткі з фільму пра тайны ордэна ілюмінатаў “Дэманы і анёлы” з Томам Хэнксам за другі тыдзень мае 28 мільёнаў (за 2 тыдні назапасілася ўжо 87 мільёнаў). Стужка пра супергерояў-мутантаў “Людзі-Х: Расамаха” сабрала 10 мільёнаў ( за 4 тыдні – 165).

Разам за апошні ўік-энд у амерыканскім кінатэатрах прыбыткі налічваліся 224 мільёны даляраў, што трохі менш за аналагічны перыяд летась, калі на экраны выйшаў даўгачаканы “Індыяна Джонс і Каралеўства крышталёвага чэрапа”.

У Беларусі фільм “Ноч у музеі-2” - ужо на экранах, а чацьверты “Тэрмінатар” з’явіцца на наступным тыдні ад чацвярга (у мінскім кінатэатры “Масква” нават стаяць вялікія рэкламныя стэнды).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?