Ад грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Падгола.

Спадар міністар!

Дзейнасьць некаторых вашых падначаленых прымусіла мяне зьвярнуцца да вас, каб вы выправілі хібы ў працы вашых афіцэраў.

Нядаўна СМІ паведамілі, што некаторыя вайскоўцы, якія выпісваюць газэту «Наша Ніва», ня могуць яе атрымаць, бо нейкія злодзеі крадуць гэтую газэту з пошты.

Выказваліся вэрсіі, што газэту выцягваюць цэнзары‑афіцэры з‑за таго, што газэта няправільная.

І тое, і другое недапушчальна ў арміі дзяржавы, якая пад кіраўніцтвам прэзыдэнта рушыла ў Эўропу шляхам «Усходняга партнёрства».

Мушу паведаміць вам, а вы, спадзяюся, правядзеце палітінфармацыю з падначаленымі ідэёлягамі і цэнзарамі, што газэта «Наша Ніва» афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі і мае аб тым пасьведчаньне. Гэтую газэту прадаюць установы Саюздруку. І гэта стала адной з прычынаў таго, што візавыя санкцыі для А.Лукашэнкі Эўразьвяз замарозіў яшчэ на 9 месяцаў.

Як дацэнт, кандыдат філязофскіх навук, які рэгулярна чытае «Нашу Ніву», сьведчу вам, што зьмест газэты такі, што яе можна браць за ўзор патрыятычнага выхаваньня вайскоўцаў. Больш таго, з матэрыялаў «Нашай нівы» можна даведацца пра жыцьцё і дзейнасьць кіраўнікоў дзяржавы значна больш, чым з усіх вашых газэт.

І напрыканцы для вас дзьве навіны: адна прыемная, другая дрэнная.

Зь якой пачаць? Пачну з прыемнай. Я дару вам кнігу. Яна называецца «БЕЛАРУСЬ — НАША РАДЗІМА». Гэта кніжка для першакляснікаў, але вельмі незвычайная. Не сьпяшайцеся адкідаць кнігу, бо на вокладцы ёсьць яшчэ надпіс: «Падарунак Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку».

А зараз, падрыхтуйцеся да непрыемнай навіны. Набярыце паветра і раскрыйце кнігу на 30 старонцы. Расплюшчыце вочы і паверце ім.

Старонка называецца «Гісторыя і славутыя імёны бацькаўшчыны».

А ніжэй вы бачыце выяву газэты «Наша Ніва» і фотаздымак будынка, дзе месьцілася рэдакцыя «Нашай Нівы». Прэзыдэнт лічыць сваім абавязкам распавесьці першакласніку пра гістарычную падзею — выданьне нацыянальнай газэты.

А вось вашы афіцэры лічаць сваім абавязкам выкрадаць гэтую газэту з пошты вайскоўцаў.

Факты антыпрэзыдэнцкай антыпатрыятычнай дзейнасьці вашых падначаленых адносна «Нашай Нівы» наштурхнулі мяне на думку, што можа і па іншых кірунках прэзыдэнцкай ідэалёгіі вашы афіцэры ня ведаюць што твораць.

Перагарніце кнігу для першакласніка ад прэзыдэнта на старонку 28. Тут месьціцца фотаздымак Кастуся Каліноўскага. Напісана, што ён кіраўнік паўстаньня 1863‑1864 гг. Праверце, калі ласка, ці распавядаюць вашы ідэёлягі вайскоўцам пра паўстаньне пад кіраўніцтвам Каліноўскага, пра зьмест «Мужыцкай праўды», тэкст якой зьмешчаны на старонцы прэзыдэнскага падручніка.

Раю вам зрабіць наступнае.

Закупіць кнігу «БЕЛАРУСЬ — НАША РАДЗІМА» «Падарунак Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку» і раздаць для вывучньня афіцэрам, якія займаюцца ідэялягічнай работай для вывучэньня. Потым прыняць іспыты. Выпісаць «Нашу Ніву» ва ўсе палітпакоі вайсковых частак і рэгулярна абмяркоўваць з вайскоўцамі матэр’ялы газэты.

Правесьці конкурс на лепшую вайсковую частку і даць ёй імя Кастуся Каліноўскага.

Параіць усім афіцэрам, якія маюць дзетак першакласнікаў ці унукаў, вывучаць кніжку для першакласніка ад прэзыдэнта разам з імі.

Жадаю вам посьпеху ў выхаваньні патрыятызму вайскоўцаў Беларусі.

P.S.

Ня так даўно ў войска забралі хлопцаў з апазыцыі. Яны маюць праблемы са здароўем. Дык Вы, спадар міністар, даручыце ім праводзіць палітінфармацыі. Хай яны распавядаюць вайскоўцам пра міжнародную абстаноўку, праграму Усходняе партнэрства, пра эканамічны Расейскі імпэрыялізм, тэзы якія выказаў Лукашэнка. Хай хлопцы езьдзяць па вайсковых частках і займаюцца патрыятычным выхаваньнем. Яны ж кніжкі чытаюць і газэты, па Эўропе паезьдзілі, хай распавядаюць пра эўрастандарты жыцьця. А то вашыя афіцэры задумалі з імі ваяваць — дарма. Тут як трэба разважаць: хто на кухара вучыўся, таго да пліты, хто кніжнік, хай прапагандай займаецца.

Дацэнт, кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0