Стомленыя аналізамі

Ролік у YouTube’i, дзе бандзюкаватыя жыхары Гарлема назіраюць па тэлевізары за пацалункам доктара Хаўза з галоўурачом Кадзі, сабраў вялізарную колькасць прагляданняў, не кажучы пра саму новую частку папулярнага серыяла. Хоць «Доктар Хаўз» па‑ранейшаму на кані, але адчуліся прызнакі распаду: сюжэтныя лініі штосерыі паўтараюцца і набіваюць аскомы, ці наадварот — як у выпадку з пацалункам, лятуць ў дзікія вышыні. Аматары якасных серыялаў пакрысе сталі гутарыць пра новую крыніцу свайго натхнення. І хай паралельна досыць паспяхова ідуць дзядулі‑ветэраны, серыялы «Сімпсаны» і «Паўднёвы Парк», гледачам хочацца чагосьці навюткага. Такім парадкам, хто заступіць «Доктара Хаўза»?

1. Серыял «Схлусь мне» (рус. «Теория лжи», анг. - Lie to me). Выйшаў на экраны ў студзені 2009, цяпер ідзе 1-ы сезон.

Чым не замена харызматычнаму доктару і ягонай хеўры: аналітычная група на чале з Колам Лайтмэнам з серыі ў серыю бярэцца за расследванне крымінальных справаў. Лайтмэнаўцы — спецыялісты па тлумачэнні мімікі і мове цела сведкаў і меркаваных злачынцаў.

Усе вымысленыя гісторыі ў серыяле «Схлусь мне» дублюцца рэальнымі кадрамі з сусветнай палітыкі: Біл Клінтан, калі ён хлусіў амерыканскаму народу, што ў яго не было ніякай сувязі з Монікай Левінскі, дакранаецца да вуснаў, або Буш, са сваёй няпраўдай пра атамныя распрацоўкі іракцаў, што падчас публічнай прамовы мае жэсты, якія выдаюць яго з вантробамі.

Герой Тыма Рота, выканаўцы галоўных роляў у «Шалёных псюках» і «Чатырох пакоях», — не раўнуючы як Хаўз таленавіты ў сваёй справе адмысловец, такі ж дэманічны і дэспатычны, такі ж люты да падначаленых і ўсіх астатніх, і такі ж агідны аж да прыцягальнасці. Чаго бракуе? У натуры спеца Лайтмэна няма чарваточынкі, уласнай праблемы, якая так вабіць у грэхаводным доктары. У Лайтмэна сям’я, дачка, не наркаман, не хуліган, але серыял дынамічны, і маем асалоду пачакаць, паназіраць за развіццём характара галоўнага героя: Хаўзамі не нараджаюцца.

2.Серыял «Тэорыя вялікага выбуха» (анг. - The Big Bang Theory). Першы сезон выйшаў на экраны ў 2007 год. Цяпер скончыўся 2-і сезон.

Камерная, але дасціпная камедыя сітуацыяў. Серыял пра жыццё 4 маладых фізікаў, дзе рупліва эксплуатуюцца ўсе стэрэатыпы наконт батаніка-акулярыкаў: Вось Шэлдан, які з аднаго боку атрымаў годнасць доктара фізіка ў 15 гадоў, але з іншага - абсалютна нямоглы ў штодзённым жыцці: нечуллівы сноб з поўнай адсутнасцю пачуцця гумару. Ховард Волавіц - дамарослы Жыгала, які дагэтуль жыве з дэспатычнай маткай (вядома, сам Волавіц сцвярджае, што мама жыве з ім). А вось фізік індыйскага паходжання Раджэш, якому натуральным кажучы забірае мову, калі да яго набліжаецца жанчына. І каб падсцябнуць сюжэт стваральнікі серыялу вырашылі пасяліць побач з фізікамі эфектную 100-адсоткавую бляндынку Пэні, якая працуе афіцыянткай. Вельмі, вельмі непасрэднае дзяўчо, поўная процілегласць чацверцы фізікаў-надхмаршчыкаў, якая, нягледзячы на завумныя выбрыкі ціхоняў, пакрысе, уцяміўшы іх жарты і лад жыцця, робіцца іх найлепшай сяброўкай. Выснова: геніі таксама людзі… тыя яшчэ людзі.

Каб паглядзець гэтыя серыялы не абавязкова чакаць пакуль БТ або расейскія каналы закупяць чарговы сезон. Цяпер іх можна набыць на кніжных кірамашах: серыялы там прадаюць разам з поўнаметражнымі стужкамі.

3.І настатак - напаўзабыты анімацыйны серыял «Сабакакот», або «Котасабака» (анг. – CatDog). Серыял ішоў з 1998 г. да 2004.

Гэты неаблашчаны у свой час увагай айчыннага гледача серыял, цяпер, дзякуючы беларускаму філіялу MTV, перажывае свой трыумфальны камбэк.

Мультыплікатары, пэўна, паддаліся пачуццю цікаўнасці: што будзе, калі злучыць двух найлепшых сяброў чалавека ў адзін квітнеючы вясёлы арганізм. Злыя языкі кажуць, што стваральнікі вобразу курылі многа лёгкіх наркотыкаў, бо атрымалася надзвычай страката і месцамі псіхадэлічна: карыстаючыся перавагамі свайго двуадзінай прыроды, сабакакот тушыць пажары, расследуе забойствы і ратуе свет. Напрыклад: дыктатар краіны жывёлаў, зялёны трус, ўводзіць абавязковае ліцэнзаванне для ўсіх звяроў: кшталту «Дакажы, што ты не вярблюд». Кот ліцэнзаванне праходзіць (ён хітрэйшы), а яго сабачая частка — не. Палову цела сабакаката садзяць у турму. Але дзякуючы таму, што другую палоўку ўсё ж не пасадзілі, дык сабака праз агульны страўнік пасылае запісачку кату на волю, а той перасылае праз сябе да назад пілу, вызваляе не толькі частку свайго цела, але адным захадам і іншых жывёлаў‑вязняў . Як трэш — то адно чуць‑чуць, а так збольшага дасціпнае глядзьво для адпачынку.

Павал Касцюкевіч

П.С. Жывы курылка! У «Паўднёвым Парку» дарэчы, нядаўна была абсалютна камедная серыя пра змрочны бок дзіцячых герояў: Мікі Маўс на пасадзе дырэктара кінакампаніі бязьлітасна лупцуе за найменшае непарадкаванне сваіх падначаленых‑людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0