Ксенія Брэчка ўзгадвае пра трагедыю 30 траўня 1999 году, у той цісканіне загінула яе старэйшая сястра Ганна.

Наша Ніва: Як Вам уяўляецца трагедыя ў пераходзе ў пераходзе праз дзесяць год?

Ксенія Брэчка: Гэтаксама, як і дзесяць год таму: бязглуздая, раптоўная падзея, якая агаломшыла нас на шмат год. Я дагэтуль асэнсоўваю тое, што адбылося. Вось мая сястра наварыла рондаль супу і выправілася на свята — а вось яе няма на гэтым свеце, і мы ўсё яшчэ ямо яе суп. Разумееце, які гэта жах? З кожным годам я адчуваю страту мацней, бо мне кожны год прыносіць нешта новае (тады мне было толькі семнаццаць, а цяпер я замужам, у мяне падрастае дачушка, мы ездзім па розных краінах і бачым свет), а яна назаўсёды засталася 22-гадовай. Аня, як і большасць тых, хто загінуў на Нямізе, яшчэ шмат чаго не паспела перажыць. Часам я адчуваю сябе вінаватай, што жыву далей. І толькі калі я сама стала маці, я здолела ўявіць невымернасць гэтай страты для маіх бацькоў. У семнаццаць такое было цяжка ўсвядоміць.

Мяне на свяце не было. Усе падрабязнасці таго, што адбылося, як гэта ні балюча, збіраліся па кавалачках са словаў хлопца, з якім мая сястра Аня тады была, са змешчаных у кнізе пра Нямігу аповедаў сведкаў і пацярпелых. Затое я сустракала на могілках бацькоў загінулых. У большасці гэта былі іхныя адзіныя дзеткі. Невыносна цяжка з імі сустракацца, з людзьмі, якія згубілі самае галоўнае ў сваім жыцці. У іх гэта проста знянацку забралі. Колькі мужнасці ім спатрэбілася, каб жыць далей?

НН: Следства звінаваціла ў халатнасці двух кіраўнікоў сталічнай міліцыі, але фактычна нікога не пакаралі. Усё спісалі на надвор’е і непрадказальныя паводзіны натоўпу. Як Вы лічыце, ці ёсць усё ж вінаватыя ў тым, што так здарылася, ці гэта такі выпадковасць?

К.Б.: Я не веру ў выпадковасць. Але і назваць вінаватых немагчыма. Іх занадта шмат. Паводзіны натоўпу ў пэўным сэнсе прадказальныя, а надвор’е — якраз не. Менавіта таму ва ўсіх краінах пры правядзенні святаў клапоцяцца пра ахову, непадалёк абавязкова дзяжураць медыкі і інш. Я чула, што шмат дзе, падчас масавых мерапрыемстваў, закрываюць станцыі метро, што знаходзяцца паблізу, каб натоўп рассейваўся, разыходзячыся ў розных накірунках, да іншых станцыяў. Акрамя таго, тыя падраздзяленні, што ўдзельнічаюць у ахове такіх святаў, мусяць быць падрыхтаваныя да непрадбачаных здарэнняў, напрыклад, да таго, каб рассеяць натоўп, накіраваць яго ў розныя бакі, калі ўзнікла відавочная небяспека. А ў нас дэманстрацыю разагнаць яны могуць, а тады спыніць людзей ня здолелі...

Але праблема не толькі ў недахопах арганізацыі свята. Мы ўсе, калі задумацца, у гэтым вінаватыя. Праблема ў людзях. Калі збіраецца натоўп, добрага не будзе. Я запомніла гэта назаўсёды. Тое, што адбылося — не першы выпадак, такое здаралася да 99-га году ў іншых краінах; такая ж трагедыя адбылася нядаўна ў Расеі. Людзі не вучацца на чужых памылках. Пакуль для іх з’яўляецца нормай штурхацца, ствараць цісканіну — адбываецца гэта ў краме напярэдадні святаў, ці ў метро ў гадзіну пік, ці на канцэрце — будуць здарацца зноў і зноў такія няшчасці.

НН: Побач з мемарыялам на Нямізе можна часта пабачыць моладзёнаў з півам. Яны смяюцца, размаўляюць па тэлефонах і, здаецца, зусім не звяртаюць увагу на тое, у якім месцы бавяць час. Ці дастаткова зроблена ўсімі намі для таго, каб тое, што здарылася ў той страшны вечар, не паўтарылася?

К.Б.: Моладзь з півам ды галубы — гэта лёс усіх помнікаў ды мемарыялаў. Гэта перамога жыцця над смерцю. Калі іх паводзіны не выходзяць за межы агульнапрынятых нормаў — то чаму б ім і не размаўляць па тэлефоне ці прызначаць спатканні менавіта там? Тое, што адчуваю я асабіста, калі праходжу праз гэты пераход, не абавязаныя адчуваць іншыя. Мне балюча, але было б эгаістычна жадаць такога іншым.

Каб тое не паўтарылася, намі, у прынцыпе, не зроблена нічога. У краіне з культам манументаў ды помнікаў значнасць гэтых самых помнікаў страчаная. Як можна чакаць, што нехта змоўкне ды на хвілю задумаецца пра трагедыю каля прыступак «Нямігі», калі лічыцца нормай ладзіць вясельныя паломніцтвы на Выспу Слёз? Магчыма, калі праводзіць у школах хаця б адзін урок, прысвечаны не канкрэтнаму выпадку на Нямізе, а проста паводзінам у натоўпе, то сітуацыя змянілася б да лепшага. Але гэта зноў пытанне культуры грамадства, павагі да асабістай прасторы. Дарослыя, якія не развучыліся з савецкіх часоў пракладваць сабе шлях лакцямі, якія звыклыя дыхаць адзін аднаму ў патыліцу, не здолеюць навучыць сваіх дзяцей іншаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?