Акцыя па ўліку салаўёў у Мінску працягнецца да 10 чэрвеня.

Мерапрыемства арганізавала грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) як працяг акцыі «Салаўіныя ночы», што праходзіла ў сталіцы 16—17 мая.

Мэтай акцыі было выяўленне месцаў пасялення салаўёў у Мінску, іх улік, а таксама інфармаванне мінчан аб гэтых птушках. Мінчанам прапаноўвалася паведамляць пра месцазнаходжанне заўважаных імі салаўёў. Акрамя таго, у Батанічным садзе была арганізавана адмысловая пляцоўка, дзе ўсе ахвотныя маглі паназіраць за салаўямі ў біноклі і падзорныя трубы, а таксама задаць пытанні арнітолагам.

Як паведаміў БелаПАН спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, па выніках акцыі «Салаўіныя ночы» было ўлічана 177 салаўёў.

Паводле яго слоў, адным з самых салаўіных месцаў сталіцы прызнаная пойма Свіслачы ў раёне Шабаноў за МКАД, дзе выяўлена больш за тры дзесяткі пеўчых птушак.
Пляцоўку ў Батанічным садзе наведалі больш за 1,5 тыс. мінчан і гасцей сталіцы.

Як паведаміў Шайкін, арганізатары вырашылі прадоўжыць акцыю, каб звесткі ўліку салаўёў былі больш поўнымі. Гараджанам прапаноўваецца паведамляць пра месцазнаходжанне заўважаных імі салаўёў і колькасці птушак па тэлефонах у Мінску 263‑06‑13, 263‑01‑30, а таксама мабільных тэлефонах (029) 223‑06‑13 або 101‑68‑87. Інфармацыю пра свае назіранні таксама можна даслаць SMS на адзіны для МТС і velcom нумар — 0481.

Паводле вынікаў уліку будзе складзена «салаўіная карта» Мінска 2009 года. Гэтую карту, таксама як і матэрыялы АПБ, атрымаюць усе ўдзельнікі назіранняў. Сярод найбольш актыўных удзельнікаў, якія паведамяць аб трох і больш пеўчых салаўях, будзе разыграны палявы камплект АПБ: бінокль, вызначальнік птушак «Птушкі Еўропы», CD з галасамі птушак, значок і кепка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0