Сёньня сузаснавальнікі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня «Наша Вясна» атрымалі рашэньне Міністэрства юстыцыі «Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня», паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Мінюст у якасьці падставаў для адмовы ў рэгістрацыі прыводзіць, між іншым, такія аргумэнты, што многія з заснавальнікаў «Нашай Вясны» прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, што ў сьпісе заснавальнікаў указаныя зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці або зьяўляюцца скажонымі, і што «другая частка назвы ГПА («Наша Вясна») не адпавядае статуту гэтай арганізацыі».

«На гэты раз Мінюст у сваім лісьце пра адмову ў рэгістрацыі ўказаў падставы, якія нам цяжка нават камэнтаваць, бо мы не разумеем, пра што там гаворыцца. Цяжка камэнтаваць, напрыклад, сьцьверджаньне пра тое, што назва нашага аб’яднаньня не адпавядае Статуту» — сказаў адзін з заснавальнікаў «Нашай Вясны» Валянцін Стэфановіч.

«Упартая нерэгістрацыя праваабарончага аб’яднаньня на працягу трох гадоў – гэта ёсьць дыскрымінацыя грамадзянаў Беларусі і адмаўленьне ім у праве на асацыяцыю. І тое, што ўлады баяцца рэгістраваць новыя праваабарончыя арганізацыі, ёсьць паказьнік таго, што ў краіне яшчэ вельмі далёка да паляпшэньня сытуацыі з дэмакратыяй, з правамі чалавека. І, нягледзячы на адмову, мы, праваабаронцы, зьбіраемся працягваць сваю працу», ‑‑ адзначыў Алесь Бяляцкі, старшыня «Нашай Вясны.

У адпаведнасьці з законам, праваабаронцы зьбіраюцца абскардзіць рашэньне Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўны Суд Беларусі.

Гэта была трэцяя спроба зарэгістраваць праваабарончае аб’яднаньне. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Апошняя адмова на рэгістрацыю была атрыманая 26 лютага бягучага году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?