Мінскі гарадскі суд вынес прысуд у адносінах палкоўніка МУС Мікалая Кудзелкі і экс-дырэктары «Эмір-Мотарс» Ігара Крапчука. Суд прысудзіў былога намесніка начальніка камітэта па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалая Кудзелку да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабараў, злоўжыванні службовым становішчам і незаконным набыцці боепрыпасаў.

Акрамя гэтага, суд прызначыў 6 гадоў пазбаўлення волі экс- дырэктару «Эмір-Мотарс» Ігару Крапчуку. Ён прызнаны вінаватым у даванні хабараў і махлярстве.

Нагадаем, экс-дырэктар «Эмір-Мотарс» (прадпрыемства-імпарцёр аўтамабіляў Таёта ў Беларусь) І.Крапчук у жніўні 2008 г. быў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі за ўвоз без выплаты мытных пошлінаў больш чым 300 аўтамабіляў «Таёта». Па гэтай справе яму прад'яўленае абвінавачванне ў даванні хабараў М.Кудзелку. Былому намесніку начальніка КБАЗіК было прад'яўленае абвінавачванне ў атрыманні хабараў ад камерсантаў на суму больш за $800 тыс.

Раней М.Кудзелка праходзіў па гучнай справе «трох палкоўнікаў». У жніўні 2008 года Ваенная калегія Вярхоўнага суду прысудзіла да доўгіх тэрмінаў зняволення двух палкоўнікаў КДБ — былога начальніка ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй КДБ Міхаіла Міхалапа і начальніка кадравай і ідэалагічнай працы КДБ Аляксандра Мяцеліцу за атрыманне хабараў і махлярства. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, М.Кудзелка падазраецца ў тым, што атрымаў першы хабар у пачатку 90-х. У 2003 г. ён сышоў з праваахоўных органаў на пенсію і ўладкаваўся працаваць у камерцыйную структуру на пасаду намесніка дырэктара — начальніка службы бяспекі аўтасалона «Таёта-цэнтр».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?