Актывіста Баранавіцкай філіі Маладога Фронту Пятра Рузава, якога ўчора адлічылі з 1 курсу Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднавілі на вучобе.

У чацвер Пятру Рузаву ўручылі пастанову аб адлічэнні з фармулёўкай «парушэнне ўнутранага распарадку». Нядаўна, Пятра прысудзілі да штрафу за нанясенне графіці «Свабоду Аўтуховічу» на будынак гарадскога мясакамбіната.

Сёння раніцою Пятру патэлефанавалі з дэканату і запрасілі яго на размову. На сустрэчы прысутнічала адміністрацыя ўнівэрсытэта, у тым ліку і рэктар С. Хачурка.

«Рэктар паведаміў, што адклікае заяву аб адлічэнні, але да наступнага затрымання. Ужо сёння мне дазволілі абараніць курсавую працу», — распавядае Пётр Рузаў.

На думку Пятра Рузава, адной з прычын аднаўлення юнака ва ўніверсітэце стаў рэзананс у СМІ.

«Рэктар быў незадаволены тым, што гэты выпадак асвятлялі СМІ, журналісты тэлефанавалі ў дэканат і г.д. Ён сказаў, што дыскрэдытую і прыніжаю ўніверсітэт. Такая актыўная рэакцыя СМІ мне вельмі дапамагла», — кажа маладафронтавец.

Прэс-служба Маладога фронту

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0