«Гульня распачата не на жарт, майце на ўвазе. Выстаім — будзе дзяржава. Не выстаім — зламаюць і бясплатна ў кішэнь пакладуць…». Гэтай метафарай Аляксандр Лукашэнка 29 траўня, можна сказаць, падвёў вынік візіту Пуціна з камандай у Мінск напярэдадні.

Нарада ў прэзідэнта Беларусі 29 траўня была прысвечана эканоміцы. Ён адхвастаў уласны ўрад за нядбайнасць што да рэалізацыі антыкрызісных захадаў. Але найболей трапіла ўчарашнім расійскім візіцёрам.

Такім чынам, дыпламатычныя заявы Пуціна вечарам 28 траўня, пасля саюзнага Саўміна — маўляў, падставім беларусам плячо і ўсё такое — Мінск расцэньвае толькі як добрую міну пры дрэннай гульні.

«Мы ўчора назіралі цікавую сітуацыю, калі прэзідэнт Беларусі сядзіць з Уладзімірам Пуціным і абсалютна па-сяброўску абмяркоўвае пытанні, пачынаючы ад прыватных і заканчваючы дзяржаўнымі. І нармальнае ідзе абмеркаванне. А ў гэты час Аляксей Кудрын дае прэс-канферэнцыю да пасяджэння саюзнага Саўміну, сутнасць якой — пасеяць паніку ў Беларусі», — адкрыта заявіў Лукашэнка.

Ён выкрыў паводзіны тандэма Пуцін — Кудрын, пацвердзіўшы метафару аглядальнікаў, якія па гарачых слядах зрабілі выснову: расійскі прэм'ер і яго намеснік, ён жа міністр фінансаў, класічна згулялі ў добрага і злога следчых.

«Учора ж Уладзімір Пуцін сказаў, што на падлёце да Мінска яны з Кудрыным абмеркавалі сітуацыю. І тут Кудрын выдаў тыраду. Што, гэта было не ўзгоднена? Усё гэта было ўзгоднена», — перакананы беларускі афіцыйны лідэр.

Ён рэзюмаваў, што «ўжо не першы раз ствараецца сітуацыя, калі нас хочуць ўзяць голенькімі і голымі рукамі, бясплатна». Што ж, красамоўная характарыстыка цяперашняга этапа «пабудовы саюзнай дзяржавы».

Наказ жа свайму ўраду Лукашэнка зрабіў такі: няма чаго кланяцца Маскве, шукайце іншыя рынкі! І нават правёў для падначаленых маленькі ўрок нацыянальнай самасвядомасці: «У нас шмат рычагоў уздзеяння на сітуацыю, на тыя выклікі, якія нам ствараюць, у тым ліку і ў Расіі… Калі мы нарэшце пачнём думаць як чыноўнікі незалежнай суверэннай дзяржавы?».

Карацей, «не атрымліваецца ў Расіі — не трэба кланяцца, ныць, плакаць, трэба шукаць сваё шчасце ў іншай частцы планеты».

Гучыць горда, але наколькі рэальная гэта задача, тым больш ва ўмовах крызісу? Трэці свет бедны, ды і на Старым кантыненце лічаць кожны еўрацэнт. Да таго ж і па якасці, і па сабекошце прадукцыі трапіць у нішы на еўрапейскім рынку беларускаму вытворцу праблематычна. Дасюль еўравалюту прыносілі ў асноўным нафтапрадукты, іначай кажучы — перапрацоўка сыравіны, што ішла на льготных умовах з той жа Расіі. Зачараванае кола?

Паводле мінскага аналітыка Валерыя Карбалевіча, эмацыйная і жорсткая танальнасць нарады ў Лукашэнкі говорыць аб тым, што сітуацыя ў эканоміцы — кепская.

Сапраўды, словы Кудрына пра перспектыву банкруцтва Беларусі аказаліся соллю на рану. Ну а галоўнае — Масква падвесіла ў паветры пытанне з крэдытамі.

На думку эксперта, кіраўнік дзяржавы намагаецца зрабіць вінаватымі ў фінансава-эканамічных бедах сваіх чыноўнікаў і асабліва — «нядобрых» расійскіх дзеячаў. Разам з тым, лічыць Карбалевіч, тут ёсць і элемент шантажу, апеляцыя да расійскай эліты, грамадства, можа нават да прэзідэнта Мядзведзева (маўляў, «дрэнны» Пуцін тарпедуе нашы дамоўленасці).

Ну і, нарэшце, дадае эксперт,

выкрыццё расійскіх падкопаў здольна паўплываць на МВФ, які зараз раздумвае, ці даваць Беларусі чарговую траншу крэдыту.

Так, фонд не бачыць належнага прагрэсу ў выкананні сваіх рэкамендацый, рэфармаванні беларускай эканомікі. Але тут Захад можа ўзяць пад увагу небяспеку расійскага ціску — і сапраўды падставіць плячо.

У цэлым жа аналітыкі робяць выснову: Лукашэнка працягне манеўраванне паміж цэнтрамі сілы. Нармалізацыя адносін з Еўрасаюзам пашырае амплітуду гэтай палітыкі арэляў.

Але сысці пад крыло ЕС цяперашні кіраўнік Беларусі не здольны як з палітычных, так і з эканамічных меркаванняў. Ды і папросту праз ментальнасць. У гэтым сэнсе красамоўная яго фраза пра Кудрына, каторы, маўляў, «цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць нас вучыць працаваць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?