У мінулую сераду позна ўвечары стала вядома, што іспанская «Барселона», перамогшы ў фінале Лігі чэмпіёнаў па футболе англійскі «Манчэстэр Юнайтэд», у трэці раз заваявала галоўны еўрапейскі трафей. Адметна, што ўпершыню ў гісторыі пераможцам Лігі чэмпіёнаў стаў беларускі футбаліст Аляксандр Глеб.

Яго бацька, Павел Рыгоравіч Глеб, расказаў учора карэспандэнту «Народнай Волі», чаму яго жонка ў Мінску «не хацела балець за «Барсу», з якой нагоды збіраецца пашыць для сына бел‑чырвона‑белы сцяг, і ці застанецца Аляксандр Глеб у Іспаніі.

— Павел Рыгоравіч, як вам гульня?

— Добры матч. Напачатку было крыху страшнавата, калі англічане кінуліся наступаць вялікімі сіламі, але затым іх пыл каталонцы хутка астудзілі. А ў другім тайме і наогул «дабілі».

— Моцна хваляваліся?

— Безумоўна, тым больш што я адзін дома глядзеў футбол. Напачатку ў зале назіраў, але гэтая мая зала, як я ўжо зразумеў, дрэнная прыкмета для «Барселоны». Прайграе, калі гляджу там. Таму падчас фіналу я і перайшоў у спальню. Сціснуў кулакі і ціхенька ляжаў на ложку. Толькі зрэдку дзёргаўся ад перанапружання…

— Сын тэлефанаваў пасля перамогі?

— Не, няхай спачатку супакоіцца. Патэлефанаваў толькі малодшы Слава з Кітая, які гуляе там, ды сказаў:

«Баця, мой брат, а твой сын гуляе ў вялікай камандзе».
Слаўка нярэдка тэлефануе — у іх там у кітайскіх кішлаках зараз перапынак.

— Аляксандр Глеб вельмі рэдка трапляе ў асноўны склад «Барселоны», а ў фінальным матчы і наогул нават не патрапіў у заявачны склад. Не крыўдна?

— Крыўдна, але што зробіш? Гэта ж трэнер вырашае, каго ставіць, а каго не. Саша ж не аднойчы выказваў сваю незадаволенасць тым, што даводзіцца шмат часу знаходзіцца на лаўцы запасных. Нічога не зробіш — у камандзе шмат выдатных ігракоў сусветнага класа. Дарэчы, маці наогул адразу не хацела балець за «Барселону», бо заўсёды перажывае, калі сын не гуляе.

— А чаму вы глядзелі фінал адзін, без Лідзіі Уладзіміраўны?

— На жаль, 10 мая яе забралі з інсультам у бальніцу. Зараз праходзіць курс рэабілітацыі. Ведаю, што загадчыца аддзялення нават дазволіла пасля адбою паглядзець футбол. Прыедзе Саша, можа, адправім маці куды‑небудзь у санаторый.

— Падчас узнагароджвання «Барселоны» многія ігракі каталонцаў накідвалі сабе на плечы сцягі сваёй краіны. А вось ваш сын — не…

— Калі прыедзе, то запытаю, чаму так. Можа, у Іспаніі няма бел‑чырвона‑белых сцягоў? Калі так, то пашыю яму дома. Бо я прызнаю толькі бел‑чырвона‑белы сцяг… Чаго тут баяцца?

— Ці думае сын пераходзіць з «Барселоны» ў іншы клуб?

— Пакуль усё на ўзроўні чутак.

— Вы былі ў гасцях у сына?

— Так, восенню месяц з маці гасцілі ў яго. Цудоўны чатырохпавярховы дом, які ён арандуе, траўка, басейн… Маці там ля басейна пастаянна нешта вязала. А я больш па горадзе хадзіў. Куплю карту горада — і панёсся! На футбол, натуральна, хадзілі.

— Калі прыязджае ў Мінск Аляксандр?

Згуляе за зборную Беларусі з Андорай, а пасля з жонкай Настай, напэўна, накіруюцца ў адпачынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?