Ад мёртвага асла вушы – фірмовая прапанова айчынных уладаў. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Што і патрабавалася даказаць. Маскве чарговы раз прапанаваныя ад мёртвага асла вушы. Менавіта так перакладаюцца на мову вялікага камбінатара тэзы, што прагучалі з высокай трыбуны ў Менску ў зьвязку з афіцыйным Днём незалежнасьці. Маўляў, мы за інтэграцыю, але на грунце сувэрэнітэту. Мы ня супраць падзяліцца «трубой», але па рынкавым кошце.

Так што маскоўскі «КоммерсантЪ» яўна пасьпяшаўся абвесьціць, нібыта «Беларусь згадзілася абмеркаваць газавую капітуляцыю». Маецца на ўвазе чэрвеньская дамова бакоў стварыць працоўную групу, якая ацэніць кошт нашых прадпрыемстваў, што ўяўляюць цікавасьць для «Газпрому». Згадайце, колькі ўжо стваралася працоўных групаў, напрыклад, для падрыхтоўкі славутага канстытуцыйнага акту... Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адразу ж прадбачліва зазначыў з гэтае нагоды, што «Газпром» рызыкуе трапіць у пастку.

Карацей, у газавым пытаньні (зрэшты, як і ў валютным і ў шэрагу іншых) Менск узяў на ўзбраеньне старую, прымітыўную, але дасюль дзейсную ў дачыненьнях з Масквою тактыку. Ён будзе цягнуць рызіну. Міжволі выклікае ўсьмешку фармулёўка нашага прэм’ера Сідорскага: зь ягоных словаў, кантракт, дзе фігуруюць славутыя $200 за тысячу кубоў, вернуты «Газпрому» «на дапрацоўку». Так звычайна шэф вяртае нядбайнаму рэфэрэнту кепска падрыхтаваны даклад.

Беларускі бок нічога ня страчвае, зацягваючы паўзу. Маскве надта ж няёмка ваяваць з апошнім хаўрусьнікам, як з «аранжавай» Украінай. Дарэчы, летась у сьнежні на перамовах у Сочы шырокі жэст Пуціна («блакітнае паліва» па коштах 2005 году цягам усяго 2006 году) не ў апошнюю чаргу быў справакаваны абвастрэньнем канфлікту з Кіевам. Такім чынам Масква паказальна ўзнагародзіла ляяльнага палітычнага партнэра ў піку «кепскаму» Юшчанку.

Раптам і зараз пашанцуе? Напрыклад, Крэмль канчаткова пасварыцца з Захадам – і ў выніку каштоўнасьць апошняга хаўрусьніка ў вачох расейскай кіроўнай эліты падвысіцца да жаданага ўзроўню. Такога, каб сказалі: халера зь ім, дамо беларусам зьніжку яшчэ на год!

Ну а на крайні выпадак у арсэнале беларускага кіраўніцтва ёсьць някепска засвоеная за апошнія гады незалежніцкая рыторыка. Ці заўважылі: нядаўна Мін’юст, даючы адлуп Захаду, згадаў, што, адрозна ад цёмнай фэадальнай Эўропы, наша Айчына замацавала павагу да правоў чалавека яшчэ ў Статуце ВКЛ 1529 году. Карацей, мы яшчэ вам пакажам таварыша Сапегу!

Натуральна, гэтая апэляцыя да табуяванай гісторыі выглядае абсалютна каньюнктурна. Але ж, па вялікім рахунку, уся палітыка – суцэльная каньюнктура. Сёньня рэжым змушаюць да пэўнага манэўраваньня. Са слоў лідэра ПКБ Калякіна, у адміністрацыі нібыта ўжо ёсьць нават думка наладзіць выбары ў палату паводле партыйных сьпісаў.

Зразумела, і ў такім разе апазыцыі пастараюцца прапанаваць ад мёртвага асла вушы. Але тут ужо і ёй ня грэх паварушыцца, каб – зноў жа кажучы мовай вялікага камбінатара – лёд крануўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?