Гурт Naka выступае пераважна ў Расеі і Ўкраіне.

У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бярэ ўдзел гурт Naka. Па‑беларуску загучыць іх песьня, якая так прыйшлася даспадобы заўсёднікам расейскіх рок‑фэстаў — «Дорога». Вакалістка гурту Наста Шпакоўская лічыць, што было бы глупствам адмаўляцца ад удзелу ў гэтым праекце: «Наша мова пявучая, прыгожая і мае ў сваёй гэтай пявучасьці шмат нюансаў, якіх няма ў мове расейскай».

Гурт Naka http://www.naka.by вылучаецца з айчынных камандаў экспрэсіўнасьцю, шчырасьцю і… нахабнасьцю. За пяць год свайго існаваньня гурт пасьпеў выступіць на адной сцэне са шмат якімі зоркамі – ад «Чижа» да Bloodhound Gang. Яны – сталыя ўдзельнікі расейскіх піўных фэстаў («Крылья», «Окна открой») і складанак тамтэйшага року («Охота», «Даёшь рок»). На другі год свайго існаваньня гурт ужо меў кантракт з расейскай кампаніяй «Пролог‑мьюзик (RDM)», ратацыі на радыёстанцыях і аншлягавыя сольныя канцэрты.

Пры тым, што ў Расеі (ды Ўкраіне) музыкі пачуваюцца больш упэўнена, яны лічаць сябе беларусамі. «Гэта сапраўдны беларускі рок», — такім чынам прадстаўляюцца песьні на афіцыйнай старонцы гурта з уласнымі MP3 http://www.naka.by/mp3_lyrics.htm. Пры тым, што вакалістка Naka (і па сумяшчальніцтве акторка Рускага драматычнага тэатру) Наста Шпакоўская сьпявае па‑расейску, беларуская мова для яе – самая‑самая: «Наша мова пявучая, прыгожая і мае ў сваёй гэтай пявучасьці шмат нюансаў, якіх няма ў мове расейскай», — кажа сьпявачка.

Наста заўжды мае свой погляд на тое, што адбываецца наўкол. Падчас падзеяў увесну 2006 году яна публічна выказалася ад імя ўсёй групы ў падтрымку затрыманых на Кастрычніцкай плошчы, а потым выступіла ў абарону касьцёлу сьвятога Язэпу ў Менску, замест якога плянаваўся гатэль.

Першы дыск каманды пад назвай «Тебе» зьявіўся ў 2005 годзе і цалкам дасяжны для спампаваньня на іх сайце. Цяпер гурт актыўна працуе над сваім другім альбомам пад назвай «Пора», але з задавальненьнем прыняў прапанову ўзяць удзел у праекце «Тузін. Перазагрузка». «Было бы глупствам яе не прыняць, бо сёньня рок‑музыкі маюць ня так шмат магчымасьцяў выхаду да слухачоў, — кажа Наста Шпакоўская. — Да ўсяго, для мяне самой вялікая інтрыга ў тым, як загучыць наша песьня па‑беларуску». Для пераасэнсаваньня гурт абраў адзін з сваіх галоўных гітоў – песьню «Дорога». За яе пераклад возьмецца Глеб Лабадзенка http://labadzenka.by.

Наступны ўдзельнік «Перазагрузкі» будзе прадстаўлены 5 чэрвеня.

Даведка: У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках http://music.fromby.net і http://www.budzma.org/

Інфармацыйныя партнэры акцыі «ТУЗІН. ПЕРАЗАГРУЗКА»:

Інтэрнэт‑партал TUT.BY

Першая прафэсыйная радыёстанцыя байнэту – Netradio.by

Першая беларуская газэта – «Наша Ніва» (www.nn.by)

Першая беларуская транспамежная FM‑станцыя – Радыё Рацыя www.racyja.com (98,1 FM у Гародні і Беластоку)

Праграма «Proдвижение» (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале «Лад»)

Праграма «Новая зямля» (шточацьвер а 23‑ай гадзіне на Радыё Unistar www.unistar.by (99,5 FM у Менску, 102,3 FM у Берасьце).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0