2005 г. для шахматыстаў Беларусі аказаўся ўдалым. Валтузьня вакол Фішэра ды Каспарава, сусьветны посьпех Тапалава паспрыялі ажыўленьню шахматнага жыцьця ў краіне. Інтрыгоўныя чэмпіянаты сярод мужчынаў, жанчын, дзяцей, міжклюбныя баталіі, адроджаны міжнародны оўпэн-турнір у Менску — усе гэтыя падзеі асьвятляліся ў «НН».

Найбольш яскрава сябе праявілі сёлета гросмайстры Аляксей Фёдараў, Ігар Люцко, Андрэй Кавалёў. Першы вярнуў сабе тытул чэмпіёна краіны ды нядаўна пазмагаўся ў ханты-мансійскім Кубку сьвету, дзе на тай-брэйку прайграў сэкунданту Тапалава, бліскучаму аналітыку Івану Чапарынаву. Другі, пасьля шэрагу параз, здолеў утрымацца ў дзясятцы лепшых беларускіх шахматыстаў. Трэці перамог у неафіцыйным чэмпіянаце Эўропы ў Пардубіцах.

Радаваў аматараў напорыстай гульнёй віцэ-чэмпіён Беларусі Юры Ціханаў, амбітны 32-гадовы гарадзенец Андрэй Сьвятоха стаў бронзавым прызэрам у чэмпіянаце кантынэнту сярод інвалідаў.

Сярод прадстаўніц прыгожага полу па-за канкурэнцыяй была міжнародная майстарка 20-гадовая Ганна Шарэвіч. Тройчы чэмпіёнка Беларусі паволі падбіраецца да сусьветнага Алімпу.

Адкрыцьцём году стаў 11-гадовы Давід Хачыкян з Баранавіч. Перапісачнік Зьміцер Лыбін атрымаў ня толькі сярэбраны мэдаль ІКЧФ, а і ганаровы знак міжнароднага арбітра ФІДЭ, урачыста перададзены яму 13 лістапада ў клюбе «Вясьнянка» з рук легендарнага Давіда Бранштэйна. Віцэ-чэмпіён сьвету 1951—1954 гг. пасяліўся ў Менску, але нячаста зьяўляецца на публіцы — здароўе ня тое.

Цягам году спраўна выдаваўся бюлетэнь для кампазытараў «Альбино», функцыянаваў партал «Bychess. narod.ru», узьніклі новыя сайты: «Шахматы ў Магілёве», «Жаночыя шахматы», «Шахматныя навіны Беларусі». Упершыню ў Беларусі выйшлі паштовыя маркі і кішэнны каляндарык на тэму шахмат.

Здараліся прыкрасьці. У шахматнага клюбу «Стратэг» у Палацы дзяцей і моладзі забралі цэлы кабінэт. На пачатку году студэнтка пэдунівэрсытэту Алена Клімец перадала фэдэрацыі шахмат праект, паводле якога штогод мусілі выбірацца і ўзнагароджвацца найлепшыя трэнэры краіны. Але праект патануў ва ўзгадненьнях, так што галасаваць за прэтэндэнтаў на беларускі шахматны «Оскар» пакуль не выпадае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?