Перапалка між Кудрыным і Лукашэнкам скончана, канфлікт вычарпаны. Такую міралюбную заяву зрабіла ў аўторак ананімная крамлёўская крыніца. Аналітыкі ж зазначаюць, што спружыны канфлікту паміж Мінскам і Масквой па-ранейшаму сціснуты.

Паказальна, што ў той самы дзень, 2 чэрвеня, дадатковы залп па кудрынскіх пазіцыях (а гэта і ёсць пазіцыі Масквы) зрабіў на пасяджэнні прэзідыуму ўраду прэм'ер Беларусі Сяргей Сідорскі. Ён саркастычна параўнаў ход думак расійскага міністра фінансаў з мысленнем кладаўшчыка, «у якога ёсць ключы ад свірнавага замка і які далей кладоўкі нічога не бачыць».

Кудрын у мінулы чацвер, нагадаем, абвесціў, што Расія прытрымае крэдытную траншу на 500 мільёнаў долараў, бо Беларусь, маўляў, праядае грошы, а не рэфармуе гаспадарку. Беларускія дзяржаўныя СМІ звязалі дэмарш Масквы з пытаннем аб прызнанні Мінскам Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі.

Такая ж выснова напрошваецца і з эмацыйных заяў самога кіраўніка Беларусі 29 траўня — назаўтра пасля скандальнага прыезду маскоўскіх гасцей на саюзны Саўмін. Плюс, мяркуючы па ўсім, Расія прэсінгуе ў пытаннях набыцця беларускіх актываў («Нас хочуць узяць голенькімі і голымі рукамі, бясплатна», — абмаляваў закулісны сюжэт Лукашэнка). Некаторыя аналітыкі дадаюць: Крэмль раздражнёны ўдзелам Беларусі ў новай праграме ЕС «Усходняе партнёрства».

Суровыя фінансава-эканамічныя рэаліі змушаюць беларускі ўрад пакрысе саступаць патрабаванням крэдытораў. Кудрын нагадаў іх: жыць па сродках, стрымліваць заробкі, павышаць камунальныя тарыфы, рэфармаваць гаспадарку. Дарэчы, фактычна таго ж патрабуе і МВФ.

Іншая рэч, што дачыненні між фармальнымі саюзнікамі — Мінскам і Масквой ўяўляюць сабой грымучую сумесь эканомікі ды палітыкі. З заявы Кудрына 1 чэрвеня і каментара крамлёўскага ананіма вынікае, што ад падтрымкі беларускай эканомікі расійцы не адмаўляюцца. Можа, і яшчэ пазычаць грошай. Толькі вось на якіх умовах?

Днямі беларускі дэпутат Міхаіл Русы, будучы на выбарах у Цхінвалі, заявіў, што неўзабаве пытанне аб прызнанні Паўднёвай Асеціі разгледзяць у Палаце прадстаўнікоў. Але такія абяцанні з беларускага боку гучаць даўно. Ці сапраўды цяпер Масква даціснула?

Мінскі палітолаг Валер Карбалевіч зазначае: пакуль не атрымана чарговая транша ад МВФ, прызнання дакладна не будзе. «Увогуле ж адказу на гэта пытанне сёння, бадай, не ведае і сам Лукашэнка», — дадае эксперт.

Што ж да «Усходняга партнёрства», то, на думку Карбалевіча, праграма пакуль што выглядае надта дэкларатыўна. І наўрад ці яна настолькі непакоіць высокае расійскае начальства, каб, напрыклад, Пуцін на перамовах рубам ставіў гэта пытанне перад Лукашэнкам. З нагоды магчымага сыходу Беларусі пад крыло Бруселя пакуль што найболей пераймаюцца блізкія да Крамля палітолагі, дадае суразмоўца.

Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Вільнюс) Дзяніс Мельянцоў упэўнены, што, нягледзячы на прымірэнчы тон Крамля, у пытанні прызнання каўказскіх рэспублік

«Масква будзе ціснуць і надалей. Па-першае, для яе важная міжнародная легітымацыя гэтых рэспублік. Па-другое, гэта сродак уплыву на “Усходняе партнёрства”».

Эксперт тлумачыць: Тбілісі можа адмовіцца ад супрацы ў рамках праграмы ЕС з краінай, што прызнала незалежнасць тэрыторый, якія Грузія лічыць сваімі неад'емнымі часткамі. Такім чынам праграма можа быць тарпедавана.

«Мінск будзе максімальна цягнуць гэтае пытанне і пастараецца не прызнаваць Абхазію з Паўднёвай Асеціяй», — перакананы Мельянцоў.

Дадамо:

непрызнанне Еўрасаюзам і ЗША зладжаных у Паўднёвай Асеціі парламенцкіх выбараў таксама стымулюе беларускую ўладу ўпірацца рогам у згаданым пытанні. Іначай нармалізацыя дачыненняў з Захадам можа пайсці пад адхон.

Дзяніс Мельянцоў падкрэслівае: «Усходняе партнёрства» — праграма доўгатэрміновая, не варта чакаць, што заўтра ў Беларусь пойдуць шырокія грашовыя плыні». Як падкрэслівае эксперт, эфектыўнасць праграмы будзе залежаць і ад Бруселя, і ад Мінска, і ад грамадзянскай супольнасці Беларусі. Зараз у еўраструктурах толькі прызначаюцца чыноўнікі, адказныя за праграму. Пад восень, пасля сезону адпачынкаў, варта чакаць большай канкрэтыкі, лічыць Мельянцоў.

Так ці іначай, Мінск, на думку назіральнікаў, гатовы хіба да лакальнага дрэйфу, але не да сыходу на Захад, пад крыло ЕС.

Цяперашняе беларускае кіраўніцтва можа выбраць кропкавы, рэдукаваны варыянт удзелу ў праграме, каб атрымліваць нейкія грошы, але не ахвяраваць аўтарытарнай палітычнай сістэмай. Аднак трохі давядзецца і саступаць, каб мець абсяг для палітыкі арэляў. Бо паралельна будуць доўжыцца спробы атрымаць грошы і ад Масквы, гандлюючы сваім геастратэгічным становішчам і спекулюючы на вялікадзяржаўнай фобіі страты «беларускага плацдарму».

А гэта азначае, што канфлікт між заклятымі саюзнікамі будзе тлець і час ад часу выбухаць новымі пратуберанцамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?