Алена, прыёмшчыца на леспрамгасаўскай эстакадзе, мажная кабета гадоў сарака – жывое нацыянальнае пытаньне. Нарадзілася Алена ва Ўкраіне, пад Крэменчугом, у пашпарце запісаная Олэнай; затым сям’я вайскоўцаў пераехала на Далёкі Ўсход; якраз там Елена пазнаёмілася зь беларусам Сяргеем з Малога Сітна, што служыў у бацькавай вайсковай часьці – і перабралася ў Беларусь, дзе на пачатку 90-х атрымала грамадзянства ўжо як Алена. «Не магу зразумець, хто я, – кажа Олэна-Елена-Алена, – украінка? расіянка? беларуска?.. Аж расстройваюся.

У выніку такога «расстройства» (а мо растройства?) Алена штодня выяўляе дзьве, а то й усе тры свае натуры. Калі ў леспрамгасе дураць рабочых, «хімічаць» з заробкам або парушаюць Працоўны кодэкс, у Алены закіпае казацкая кроў. Яе гучны выкрывальны голас грыміць у канторы й на эстакадзе; начальству дастаецца і ў вочы, і за вочы; астатнія толькі нясьмела падтакваюць ды ківаюць галовамі. З палаючым позіркам і мэталёвай лінейкай для вымярэньня дыямэтру бярвеньня яна ператвараецца ў праўдзівую Юлю Цімашэнку, толькі што без славутае касы.

А вось падпіўшы, Алена расхінае нараспашку сваю загадкавую рускую душу й сумуе па Далёкім Усходзе. «Гэта – лес? – грэбліва ткне яна пальцам у алёшчынскі танкамер. – Во тайга – гэта лес! Азёры... лужыны, якія цінай пазарасталі... А там – акіян!.. Ай, няма тут нічога ў гэтай Беларусі, і чаго я сюды перлася?»

І ўсё ж праца – руплівая, дбайная, засяроджаная – выдае ў Алене чалавека зь беларускім сэрцам. Алена гадуе двое дзяцей, урабляе гарод, глядзіць жывёлу, адпрацоўвае зьмену ў Алёшчы, займаецца грыбамі-ягадамі, а ў дадатак штовесну разьбівае клюмбы ля хаты й канторы. Дарэчы, і размаўляе Алена на клясычнай трасянцы, хіба што з тутэйшым мяккім «р»: «ряка», «бряўно», «рябёнак».

Мая «хімія» толькі пачыналася, украінскія «памаранчавыя» былі на хвалі папулярнасьці, і Алена фарсіла па вёсцы: «Вось зьбяруся, паеду да Юшчанкі, я ж украінка!» Пасьля хвалі тэлевізійнае прапаганды й скандалаў у Кіеве аранжавы настрой быў хуценька дэзавуяваны: «Ну хахлы й раздрай навялі! Ды мне ўсё роўна – я ж расіянка, у мяне Пуцін прэзыдэнт». А калі чарговы раз грымнула на Каўказе, пачала пляваць церазь левае плячо: «Цьфу-цьфу, каб малых туды не паадпраўлялі. Дзякуй Богу, што мы беларусы».

Найвялікшая мара Алены – зьезьдзіць да радні на Далёкі Ўсход. Але ж і далёка той Усход – што машынаю, што цягніком тыдні два, а яшчэ зь дзецьмі... А тут па тэлевізары ўсё гамоняць пра расейска-беларускае братэрства... «Паша, ты ўсе гэтыя вярхі ведаеш – да каго нам зьвярнуцца, каб дапамаглі?»

Ага, мяркую, праверым-ка на вашывасьць гаспадзіна Барадзіна. Знайшоў ёй адрас сакратарыяту саюзу Беларусі й Расеі ў Менску. Тыдзень Алена дзяўбла ўсе службы й прыёмныя галоўнага ўпраўленьня славянскага адзінства, дзе яе вадзілі за нос ды адфутбольвалі, ды ўрэшце вылаялася: «Гары ён гарам, той саюз!»

Растройваецца ці раздвойваецца ў малым Сітне не адна Алена. Кранаўшчык Іван Ярыца са знаўствам распавядае, што ў яго імя расейскае, а прозьвішча – польскае; «польскім» паходжаньнем ганарыцца Вікторыя зь дзявочым (і цалкам ліцьвінскім) прозьвішчам Закрэўская; рабочыя Юры ды Мікалай, самі Невельскія, называюцца расеянамі, але ж жыць ды працаваць у Расеі ня хочуць.

Столькі аказваецца тых, хто сьвядома ці падсьвядома ўнікае сваёй беларускасьці, што ўпару гукаць: а хто там ідзе, хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?

Тутэйшы люд гатовы называць сябе беларусамі толькі калі гэта нешта дае – а такіх нагодаў што ў Малым Сітне, што ў Полацку, што па БТ, для іх вобмаль. Мае расповеды пра ВКЛ ад мора да мора, адну зь першых у сьвеце друкаваных Бібліяў і 10 нобэлеўскіх ляўрэатаў, якія паходзяць зь Беларусі, вяскоўцы слухаюць як легенды Старажытнай Грэцыі. Маўляў, калі гэта праўда, дык чаму ў школе ня вучаць? У газэтах ня пішуць? Па тэлевізіі не паказваюць?

Вядома, нельга вінаваціць людзей, калі 12 гадоў ім пудраць мазгі пра славянскую еднасьць ды другасную тутэйшасьць, калі іхнай радзімай называюць то Русь, то эсэсэсэр, то эрбэ, а на адкрыцьці Нацыянальнай бібліятэкі аказваецца, што нам не стае драпежнага нішчыцеля беларускасьці Сталіна... Факт, што рэжым са сваёй ідэалёгіяй «інтэрнацыянальнай беларускай нацыі» культывуе ў масавай сьвядомасьці шызафрэнію.

Уратаваць беларускі народ ад такіх расстройстваў, надаць яму пэўнасьці й радасьці адчуваньня самога сябе – унікальнага, непаўторнага, цудоўнага! – каб беларусы дарэмна ня сьнілі сябе «расейцамі», «палякамі», «летувісамі», «украінцамі», можа толькі Нацыянальнае Абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?