Вядомы шансанье, які днямі вызваліўся з калоніі, расказаў пра свае ўзаемаадносіны з былым гендырэктарам МТЗ Міхаілам Лявонавым і былым кіраўніком «Джэм-банка» Аляксандрам Татарынцавым.

— Віктар, раскажыце, з якімі пачуццямі выйшлі на свабоду?

— Пачуццяў амаль не было. Дакладней, іх вельмі цяжка вызначыць. Справа ў тым, што я выйшаў на волю з ШІЗА, дзе адсядзеў 13 сутак у камеры пры тэмпературы прыблізна плюс 8. Настолькі замёрз, што прыходзілася рабіць па паўтары-дзве тысячы адцісканняў, каб не захварэць альбо не памерці ад холаду. І тут раптам выходзіш на волю, а там лета, сябры, шампанскае… І ўсё гэта на галодны страўнік! Канешне, адразу ўляцеў. Гэта быў канкрэтны палёт у астрал, і быццам бы мой шатл спыніўся недзе ў касмічнай прасторы паміж Альфай і Амегай. Я нават пэўны час не мог зразумець, дзе дакладна знаходжуся. Вядома, што цяпер пачуцці проста зашкальваюць. І сябры побач са мной усе гэтыя дні…

— Значыць, яны сустракалі Вас з шампанскім?

— Так. Але нас папрасілі, каб каля калоніі было максімум дзве-тры машыны. І каб не было ніякага тэлебачання, каб не рабілі з майго вызвалення шоу. Мая сястра, якая займалася арганізацыяй маёй сустрэчы, дала слова кіраўніцтву калоніі, што ўсё так і будзе. Таму віталі мяне толькі самыя-самыя блізкія.

— Цікава, чаму Вас навучыў гэты турэмны досвед?

— Я сам па сабе чалавек выключна эмацыянальны і рэзкі па жыцці. Людзі, якія ведалі мяне да турмы і сустрэлі пасля, адзначылі, што гэта два абсалютна розныя чалавекі. Цяпер флегматычна стаўлюся да некаторых рэчаў.

Я напісаў у турме кнігу, каля 200 вершаў, прыкладна 80 песень. А ўсё гэта можна напісаць, толькі знаходзячыся ў стане поўнага трансу, нават абстракцыі.

Шчыра кажучы, я і сам заўважыў, што перастаў рэагаваць на нейкія моманты, на якія раней рэагаваў даволі хваравіта і жорстка. Але, разумееце, каб не сядзець ад званка да званка, мне трэба было надзець маску. Каб выжыць і выйсці. А масак гэтых у мяне цэлы гардэроб…

— А які Вы без маскі?

— Я бачыў сябе без маскі. Але ж… Гэта таксама маска.

— На некаторых сайтах актыўна абмяркоўвалася Ваша вызваленне. Асобныя людзі пыталіся, ці зрабілі Вы сабе ў турме якую-небудзь татуіроўку, так бы мовіць, на памяць?

— У мяне ўжо ёсць татуіроўка: колькі гадоў таму зрабіў яе ў «Лісіцы». Гэта, канешне, твор мастацтва, і я б хацеў яго дарабіць. А турэмных татуіровак у мяне ніколі не было, я нават усюды іх высмейваў. Лічу, што іх можна зрабіць па глупстве альбо малалецтве.

— Няўжо і кнігу турэмных успамінаў пісаць не будзеце?

— Ужо напісаў, называецца «Дзённік арыштанта». Я там пішу пра тое, кім быў, што за людзі былі побач са мной. На маю думку, гэта будзе бестселер. Адначасова выйдзе ў свет «На мяжы» — працяг маёй першай кнігі «Генералы двароў». Кніга была напісана да маёй пасадкі і пабачыць свет ужо гэтай восенню.

— Ведаю, што Вы пісалі на імя кіраўніка дзяржавы прашэнне аб памілаванні…

— Так, але да прэзідэнта можна звярнуцца толькі раз на год. І я толькі аднойчы зрабіў гэта. Пісаў дзеля жонкі Святланы. Але з той прычыны, што я не прызнаў сябе вінаватым, мяне не памілавалі. І да кіраўніка дзяржавы маё прашэнне, зразумела, не дайшло, бо яго разглядала камісія па памілаванні, чальцы якой зрабілі выснову: калі Каліна не прызнае віны, значыць, няхай сядзіць.

— Калі не памыляюся, Вы з жонкай скасавалі шлюб. Гэта быў фармальны развод альбо…

— Я б хацеў, каб на гэтыя пытанні адказала мая жонка. Яна зараз у Смаленску. Днямі вернецца, і вы зможаце з ёй пагутарыць. Развод афармляўся як фармальны. А далей адбываліся розныя моманты. Мы венчаныя з ёй у Смаленскім храме і больш увагі ўдзяляем царкоўнаму благаслаўленню, чым дзяржаўнай рэгістрацыі. Але на дадзены момант мы думаем, быць нам разам альбо пайсці далей побач. А ўсе астатнія каментары вам дасць мая жонка. Я лічу, што так будзе правільна.

— Падзяліцеся планамі на будучыню. Завязаць з шоу-бізнесам не плануеце?

— А навошта?

У мяне ж была самая крутая піяр-каманда за ўсю гісторыю не толькі беларускага, але і расійскага шоу-бізнесу. Я маю на ўвазе следчых і аператыўнікаў, якія зрабілі мне прамоўшэн.
Ну, няхай, я паймеў страчаную выгаду, але пры гэтым усё роўна зарабіў амаль мільён! Паглядзіце, колькі чалавек зарэгістравалася на маёй старонцы на папулярным расійскім сайце «В контакте»! Амаль тры тысячы чалавек усяго за няпоўныя два месяцы!

— Ведаю, што Вы сядзелі разам з былым дырэктарам МТЗ Міхаілам Лявонавым. З якімі яшчэ людзьмі давялося пазнаёміцца ў калоніі?

— З Лявонавым мы былі ў адным атрадзе і нават у адным кубрыку (гэта калі 24 чалавекі знаходзяцца разам у адным пакоі). Увогуле там было шмат прыстойных людзей. У мяне склаліся добрыя адносіны з былым кіраўніком «Джэм-банка» Аляксандрам Татарынцавым.
Я вельмі яго паважаю. Увогуле, зараз у калоніі «заязджае» больш камерсантаў, чым нейкіх крымінальнікаў. Ведаеце, калі захочаш знайсці сабе прыстойнае таварыства, то знойдзеш яго нават у турме. За кратамі ў мяне з’явілася 5—7 новых сяброў. Усе яны адбываюць пакаранне за эканамічныя злачынствы. І тэрміны ім прысудзілі вельмі вялікія…

— Некаторыя пасля турмы з’язджаюць за мяжу. Альбо падлекавацца, альбо назусім, каб пачаць усё з белага ліста…

— У мяне ў Маскве ёсць кватэра. І зараз я мяняю грамадзянства на расійскае.

Думаю, да канца чэрвеня буду ўжо грамадзянінам Расіі. Беларусь я люблю і заўсёды любіў.
Восенню маю намер правесці тут вялікі гастрольны тур — аб’ехаць 50 гарадоў. Пакуль жа я знаходжуся ў бацькоў у Барысаве, бо мінская кватэра здадзена, і няма сэнсу выганяць людзей. У лістападзе, пасля завяршэння гастрольнага тура, я маю намер з’ехаць у Маскву.

Дар’я Паўліч, Svabodaby.net

***

12 чэрвеня 2007 г. Віктар Каліна быў асуджаны Першамайскім судом сталіцы на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі, ягоная жонка Святлана — на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. В. Каліну інкрымінаваліся махлярскія дзеянні, якія ён учыніў для атрымання страхоўкі за нібыта выкрадзены аўтамабіль. В.Каліна абвінавачваўся ў арганізацыі махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 16 і ч. 4 арт. 209 КК), арганізацыі заведама падманнага даносу (ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 400 КК) і заведама падманным паказанні (ч. 2 арт. 401 КК). С. Каліна абвінавачвалася ва ўчыненні махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 УК).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0