Вярхоўны суд асудзіў аднаго з лідэраў злачыннага свету Гомельшчыны 55-гадовага Мікалая Салдаценку на 11 гадоў турмы строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Фота photo.bymedia.net

Фота photo.bymedia.net

Вярхоўны суд асудзіў аднаго з лідэраў злачыннага свету Гомельшчыны 55-гадовага Мікалая Салдаценку на 11 гадоў турмы строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў абвешчаны 2 чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага.

Салдаценку, мянушка Салдат, прызналі вінаватым у вымагальніцтве па арт. 208 ч.3 КК Беларусі. Разам з ім на вялікія тэрміны асуджаныя Аляксандр Кавальчук, Мікалай Якаўлеў, Ігар Лявончыкаў і Андрэй Іваноў.

Следства ішло два гады. 17 ліпеня 2007 году Салдата затрымалі ў Расіі, у Маскоўскай вобласці, дзе ён хаваўся ад міжнароднага вышуку. Генеральная пракуратура Беларусі абвясціла яго ў вышук паводле артыкулаў 207 (рабаўніцтва), 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і 286 (бандытызм) КК РБ. Аперацыя па затрыманні праводзілася пры ўдзеле супрацоўнікаў АМАП МУС Расіі «Рысь».

Паводле дадзеных следства, ён быў актыўным удзельнікам «банды Марозава», якая гадамі тэрарызавала Гомельшчыну, і адным з апошніх «марозаўцаў», якія гулялі на волі.

Суд быў закрыты і адбываўся ў СІЗА Мінску дзеля забеспячэння бяспекі яго ўдзельнікаў.

***

Банда Марозава

Справа арганізаванай злачыннай групоўкі, кіраванай Сяргеем Марозавым, стала самай гучнай крымінальнай справай апошняга часу.

На рахунку гэтай групоўкі больш за дзесятак забойстваў, напады, рэкет, гандаль зброяй. У 2003—2005 г. большасць бандытаў была затрыманая, а фактычнай ліквідацыяй «банды Марозава» стаў снежаньскі суд 2006 г., па выніках якога Сяргей Марозаў, Валеры Гарбаты і Ігар Данчанка былі прысуджаныя да расстрэлу. Астатніх членаў банды асудзілі на розныя тэрміны зняволення — ад 20 гадоў пазбаўлення да 2 гадоў «хіміі». Усяго па справе гэтай злачыннай арганізацыі праходзіла 46 чалавек.

Гомельская крымінальная гісторыя мела розгалас і таму, што ў справе былі замешаныя супрацоўнікі сілавых структураў, прадстаўнікі мясцовых уладаў. Так, былы кіраўнік Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй УУС Гомельскага аблвыканкаму па выніках суду атрымаў 18 гадоў зняволення, па справе Марозава праходзілі двое былых намеснікаў начальніка УУС вобласці. Цікава і тое, што кар’ерны ўзлёт шэрагу гомельскіх чыноўнікаў прыпаў акурат на час панавання марозаўскай групоўкі. Так, напрыклад, прызначаны 2 чэрвеня на пасаду кіраўніка МУС Анатоль Куляшоў у пачатку 2000-х кіраваў упраўленнем унутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?