Хто ведае — калі б не адкрыццё Другога фронту на Захадзе, якая дата адзначалася б у Беларусі ў якасці Дня Рэспублікі? Піша Віталь Тарас.

Адным з самых папулярных медыйных сюжэтаў у траўні стаў забаўны эпізод вайны ў Афганістане. Герой гэтага эпізоду — амерыканскі шараговец Закарыя Бойд, які ў момант нападу талібаў на блок-пост не паспеў прывесці ў парадак сваю амуніцыю.

У выніку ён выйшаў на агнявы рубеж у касцы, бронекамізэльцы, шлёпанцах і ў ружовых трусах з надпісам «Я люблю Нью-Йорк».

Мне ўспомнілася гэтая гісторыя ў сувязі з тым, што 6 чэрвеня адзначаецца 65-я гадавіна высадкі дэсанту саюзных войскаў у Нармандыі. Падзеям таго часу прысвечаны вядомы фільм Стывена Спілберга «Ратуючы шарагоўца Райяна» («Saving Private Ryan»). Шараговец Райян , у адрозненне ад Бойда — прыдуманы персанаж. Але абставіны, у якіх разгортваецца сюжэт фільма, рэальныя. І сама гісторыя з ратаваннем магла здарыцца ў сапраўднасці.

На Захадзе 6 чэрвеня 1944 называюць Day D (Такім тэрмінам у камандна-штабной практыцы ЗША абазначаўся любы дзень, на які прызначалася якая-небудзь вайсковая аперацыя). Падчас самай буйной датуль у гісторыі вайскова-дэсантнай аперацыі на некалькі пляжаў на поўначы Францыі высадзіліся з мора і з паветра на парашутах пяць пяхотных дывізій і адна бранятанкавая брыгада. У экспедыцыйныя сілы саюзнікаў пад камандаваннем генерала Эйзенхаўэра знаходзілася 2 мільёны 876 тысяч чалавек.

Падчас нармандскай аперацыі (пачатковая яе фаза называлася «Нептун», уся аперацыя ў цэлым — «Аверлорд») у чэрвені-ліпені саюзнікі страцілі 122 тысячы, германскі бок — 117 тысяч чалавек. Поспех аперацыі зрабіў магчымым вызваленне Парыжа ў жніўні.

Цікава, што на абарончых ўмацаваннях, вядомых як Атлантычны Вал, саюзнікам супрацьстаялі пераважна так званыя Ўсходнія батальёны Вермахта, сфармаваныя з добраахвотнікаў на захопленых немцамі тэрыторыях СССР.

Дык вось, што да сюжэту згаданага фільма. Амерыканцы сапраўды маглі і могуць кінуць на выратаванне аднаго або некалькіх сваіх чалавек цэлыя вайсковыя фармаванні і нават флот. Успомнім хоць бы нядаўняе паспяховае вызваленне амерыканскага капітана судна, захопленага самалійскімі піратамі. Немцы падчас вайны маглі кінуць цэлую дывізію, каб злавіць усяго аднаго ўцекача канцлагеру. На гэта яны сілаў не шкадавалі. А савецкае камандаванне увогуле не лічылася з людскімі стратамі — ні чужых, ні сваіх. Лічыцца, што Савецкая армія страціла каля 30 мільёнаў забітымі, хоць дакладных звестак дагэтуль няма. Расійскі пісьменнік-франтавік Віктар Астаф’еў сцвярджаў, што на кожнага забітага нямецкага салдата прыходзіліся сем савецкіх.

Сёння некаторыя дзяржаўныя дзеячы напышліва заяўляюць, што ўклад Савецкай арміі у вызваленне Еўропы ад фашызму — у людскіх стратах — быў несувымерна вышэйшы, чым у саюзнікаў. Як быццам жыцці 250 тысяч загінулых вайскоўцаў ЗША (больш людскіх стратаў Злучаныя Штаты за ўсю гісторыю панеслі толькі ў Грамадзянскую вайну), такой самай колькасці французаў ці амаль чатырохсот тысяч брытанцаў нічога не каштавалі.

Але хто ведае — калі б не адкрыццё Другога фронту на Захадзе, якая дата адзначалася б у Беларусі ў якасці Дня Рэспублікі? Поспех аперацыі «Багратыён» у немалой ступені залежаў ад поспеху аперацыі «Аверлорд». Як і наадварот, зразумела.

Але ні пастаўкі сучаснай вайсковай тэхнікі ў СССР паводле ленд-лізу, ні харчовая дапамога саюзнікаў, ні «Дзень Д», паводле савецкай традыцыі, не лічацца сёння вартымі ўвагі падзеямі ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Відаць, не ўпісваюцца яны ў канцэпцыю супрацьдзеянню фальсіфікацыі гісторыі.

А што стала з шарагоўцам Закарыяй Бойдам, як вы думаеце? Ён вельмі баяўся, што яго звольняць з войска і больш нікуды не возьмуць. Міністр абароны ЗША Роберт Гейц заявіў, што высока ацэньвае мужнасць Бойда. Ён сказаў, што гэты баец прыдумаў новы спосаб вядзення вайны: «Толькі ўявіце сабе, што вы адчуеце, калі ў вас цэліцца хлопец у шлёпанцах і ружовых трусах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?