На сайце Мінабароны Расіі з’явіўся тэкст, аўтар якога вінаваціць Польшчу ў пачатку другой сусветнай вайны. Дакумент даступны ў раздзеле «Электронная версія „Военно-исторического журнала“» пад загалоўкам «Вымыслы й фальсіфікацыі ў ацэнках ролі СССР напярэдадні й з пачаткам другой сусветнай вайны».

Як піша аўтар артыкулу, начальнік навукова-даследчага аддзела ваеннай гісторыі Паўночна-Заходняга рэгіёна РФ Інстытута ваеннай гісторыі Міністэрства абароны, кандыдат гістарычных навук Сяргей Кавалёў, «усе, хто непрадузята вывучаў гісторыю другой сусветнай вайны, ведаюць, што яна пачалася з-за адмовы Польшчы задаволіць германскія прэтэнзіі».

«Аднак менш вядома, чаго ж менавіта дамагаўся ад Варшавы Адольф Гітлер.

Між тым, патрабаванні Германіі былі даволі ўмеранымі:
уключыць вольны горад Данцыг у склад Трэцяга рэйха, дазволіць пабудову экстратэрытарыяльнай шашэйнай дарогі й чыгункі, якія звязалі б Усходнюю Прусію з асноўнай часткай Нямеччыны», — піша Кавалёў.

Паводле слоў аўтара працы, гэтыя патрабаванні «цяжка назваць неабгрунтаванымі», бо «пераважную большасць жыхароў адарванага ад Нямеччыны паводле Версальскай мірнай дамовы Данцыга складалі немцы, якія шчыра хацелі ўз’яднання з гістарычнай радзімай».

Разам з тым, піша Кавалёў, «імкнучыся атрымаць статус вялікай дзяржавы, Польшча ніякім чынам не хацела станавіцца меншым партнёрам Нямеччыны», таму гэтыя патрабаванні былі адрынутыя.

У звязку з гэтым варта прыгадаць, што ў сярэдзіне траўня прэзыдэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў указ пра стварэнне камісіі пры прэзідэнце «па супрацьдзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі на шкоду інтарэсам Расіі», паведамляе Лента.Ру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?