Шэраг малочных прадпрыемстваў наведалі інспектары Еўракамісіі, па выніках іх праверкі будуць вызначаныя экспарцёры малочнай прадукцыі на Захад.

Беларусь звярнулася да міністэрстваў сельскай гаспадаркі Польшчы і Літвы з просьбай падтрымаць нашу краіну пры прыняцці Еўрапарламентам рашэння па пастаўцы беларускай прадукцыі на рынак Еўрасаюза. Мінсельгасхарчу Беларусі заявіла пра намер дабіцца права экспарту малочнай прадукцыі ў краіны ЕС ужо ў гэтым годзе. Нагодай для такога аптымізму сталі наведванні інспектарамі Еўракамісіі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў — «Савушкаў прадукт», Бярозаўскі масласырзавод і «Санта Брэмар». Выніковае заключэнне і заўвагі, зробленыя па выніках праверкі, знаходзяцца ў еўрапейскім Бюро па ветэрынарыі. На падставах праверкі асобных прадпрыемстваў будзе зробленае заключэнне аб прадстаўленні права на экспарт малочнай прадукцыі для ўсёй краіны, а ўжо потым айчынная ветслужба будзе прымаць рашэнне, хто адпавядае патрабаванням Еўрасаюза.

Эксперты адзначаюць, што выхад на еўрапейскі рынак выставіць перад беларускімі вытворцамі шэраг няпростых задач: неабходнасць павышэння якасці прадукцыі, тэхналагічнага пераўзбраення, вырашэнне непазбежных праблемаў, звязаных з антыдэмпінгавымі мерапрыемствамі еўрапейскіх канкурэнтаў.
Варта адзначыць, што зрухі ў еўрапейскім накірунку адбываюцца на тле росту стратнасці экспарту малочнай прадукцыі. Па словах памочніка міністра сельскай гаспадаркі і харчу Казіміра Раманоўскага, стратнасць паставак малака і масла на сёння складае 30%, сыроў — 20%. Аднак Беларусь працягвае нарошчваць аб’ёмы вытворчасці малака. Чыноўнікі міністэрства спадзяюцца, што крызіс мінецца і цэны на малочную прадукцыю ізноў папаўзуць у гару. А пакуль дзяржава будзе падтрымліваць вытворцаў з тым, каб захаваць экспартную нішу.

На сёння Беларусь пастаўляе малочную прадукцыю ў Расію, Малдову, Украіну, Казахстан, Албанію, Македонію, Мексіку, Венесуэлу.

Паводле Naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0