А.Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскім СМІ доўга тлумачыў, чаму ён супраць уваходжання Беларусі ў склад Расіі.

З ягоных словаў выходзіла так, нібы ён не супраць уваходжання ў склад Расіі ў прынцыпе, але гэтага не дапусцяць «самыя актыўныя, самыя амбітныя, самыя‑самыя адмарожаныя».

«У нас жа ў Беларусі не дурны народ, ён мысліць гэтаксама, як і расійцы: «свая зямля, нікому не аддамо, кашулю рванулі і пайшлі». Расійцы – адзін да аднаго. Вы што, хочаце яшчэ адну Чачню тут? Я не хачу».

«Мы як кіраўнікі павінны пралічыць наступствы гэтага. Вось нават я, дапусцім, прымаю такое рашэнне, а што заўтра? Мала канфліктаў на Каўказе? Цяпер Расію «бамбяць» за тое, што яна «па‑імперску», са зброяй у руках прыдушыла, падпарадкавала… А тут што? З гэтага пункту гледжання прэзідэнт Расіі кажа: «Так, ты ва ўсім маеш рацыю… Гэта абсалютна шкодна для Расіі», – заявіў А.Лукашэнка.

«З іншага боку, тут жа нашыя «адмарозкі», іх няшмат, няхай два, няхай тры працэнты, але гэта самыя актыўныя, самыя амбітныя, самыя‑самыя адмарожаныя ў любым грамадстве. Яны гатовыя развярнуць «нацыянальна‑вызваленчую вайну». Ім патрэбная падстава. Цяпер усе кпяць з гэтага. І вы што, думаеце, у іх няма чым ваяваць? Ім заўтра ж прывязуць з Украіны, з Прыбалтыкі, у нас у асноўным адтуль, з Польшчы каналы ў іх», – заявіў ён.

«Імгненна з’явіцца зброя, выбухі, дэстабілізуюць абстаноўку, і многія ў грамадстве падумаюць: слухайце, гэта ж змагаюцца за незалежнасць, за святое», – сказаў ён.

Дэталі колішняй размовы з Саланам

«Калі паўстала пытанне, тут быў і Салана [найвышэйшы прадстаўнік Еўрапейскага саюзу па пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі, генеральны сакратар Рады Еўрасаюзу Хаўер Салана. — НН], мы з ім размаўлялі... І калі мне было пастаўленае пытанне па Расеі і іншае, мы спрачаліся, спрачаліся, а далей я яму кажу: «Вы нам Расею заменіце?» — «Не, не, не». — «Так чаго перад намі пытанне ставіце?!» Я ўжо прагматычнае пытанне задаў... «Не заменіце. Больш за тое, — кажу, — улічыце, мы — адзін народ. Мы думаем як расейцы, як расіяне. Мы жывем як яны. У нас адныя каштоўнасці...» Ён зразумеў гэта».

Кудрыну лячыцца трэба

На адрас расійскага віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў Аляксея Кудрына: «Мне патлумачылі, што на яго ідзе моцны ціск. Ён моцна нервуецца і гаворыць крыху не тое. Тады — падлячыцца. У яго фінансы дзяржавы ў руках, і ён пачынае такое казаць. Заўтра ён і не тое зробіць».

Пагадненне пра СПА падпісана пад ціскам Масквы

Лукашэнка прызнаўся, што прасіў адкласці падпісанне дамовы, але вымушаны быў паддацца.

«Так, падпісалі мы гэтую дамову, што Расія «гвалтам крычала»… Нас папярэдзілі амерыканцы і еўрапейцы: СПА — пытанне нумар адзін нашых адносінаў з Беларуссю».

«Я тады адкрыю сакрэт, кажу кіраўнікам Расіі: слухайце, навошта баламуціць? Бо ж фактычна супрацьпаветраная абарона сёння працуе ў інтарэсах Расіі. Уся інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу паступае ў расійскую сталіцу. Навошта тут яшчэ нейкая Дамова і астатняе? Каб піяр нейкі ў СМІ развярнуць? Давайце пачакаем, пакуль мы тут», — заявіў Лукашэнка. У адказ на гэта расійскі бок заявіў: «Не, не!»

«Але я паабяцаў, я ў свой час паабяцаў і кажу: «Няхай, раз гэта так трэба, падпішам. Падпісалі. Праўда, еўрапейцы і амерыканцы неяк перажылі гэта», — выказаўся ён.

«Нават пасля гэтага МВФ выдзеліў на 2 мільярды даляраў крэдыту. Што, вы думаеце, без амерыканцаў? Ды амерыканцы там. Яны «ўстрымаліся» падчас галасавання». Не галасавалі «за». Але далі адмашку і кажуць: «Выдзеліць трэба Беларусі крэдыт. Цяжкое становішча. Трэба выдзеліць», — заявіў А.Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?