Усходняя Еўропа для вандроўніка XVIII ст. — край фантастычных прыгод сярод лютых звяроў, перамога над якімі была метафарай цывілізацыйнай перавагі.

Самавынаходніцтва Захаду

Многія гістарычныя і палітычныя рэаліі, якія ўяўляюцца нам як аб’ектываваная спадчына стагоддзяў, насамрэч у свой час былі «вынайдзеныя» — гэта значыць уяўленыя і сканструяваныя. Тое самае можна сказаць і пра такую з’яву, як «Усходняя Еўропа».

У XVIII ст. французскія мысляры і падарожнікі «адкрылі» і апісалі Усходнюю Еўропу як нейкі адзіны рэгіён. Менавіта тады вось уяўнай геаграфіі Еўропы была пераарыентаваная з апазіцыі «Поўдзень—Поўнач», дзе роля адсталай і дзікай была замацаваная за «Поўначчу», на апазіцыю «Захад—Усход». Галоўнай характарыстыкай грамадства на ўсходзе кантыненту робіцца нейкі пераходны стан паміж цывілізаваным Захадам і варварскім Усходам, засвойванне цывілізацыі аказваецца павярхоўным, а аснова гэтых грамадстваў застаецца варварскай. «Вынаходніцтва» Усходняй Еўропы непарыўна звязанае з (сама)вынаходніцтвам Захаду. Усходняя Еўропа, у такім выпадку, выступае ў якасці адрознага арыенціру ў працэсе фармавання ўласнага вобразу цывілізаванай Заходняй Еўропы. Пішучы пра Усходнюю Еўропу, філосафы эпохі Асветніцтва ўсталёўвалі нейкую «нарматыўную» цывілізаванасць.

Сучасны амерыканскі даследчык Лары Вульф прааналізаваў разнастайныя мемуары і прыватнае ліставанне вядомых гістарычных асобаў другой паловы XVIII ст. Менавіта іх выказванні, замалёўкі і высновы дазваляюць рэканструяваць працэс «вынаходніцтва» Усходняй Еўропы як культурнага, а не «натуральнага» аб’екту.

Філасофская геаграфія была гульнёй з вельмі вольнымі правіламі — настолькі вольнымі, што лічылася цалкам дапушчальным апісваць Усходнюю Еўропу, ніколі ў ёй не пабываўшы. Некаторыя ж адпраўляліся ў ваяжы, перапоўненыя неверагоднымі чаканнямі і ў суправа¬джэнні міжнароднай шуміхі. У 1776 г. мадам Жафрэн, уладальніца аднаго з самых знакамітых літаратурных салонаў, пакінула Парыж, каб наведаць караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста, а ў 1773 г. Дзідро накіраваўся ў Санкт‑Пецярбург, каб задаволіць патрэбы ў інтэлектуальных кантактах Кацярыны ІІ. Тым не менш, ніхто не пісаў пра Расію з большым энтузіязмам, чым Вальтэр, які ніколі не бываў усходней за Берлін, і ніхто не адстойваў незалежнасць Рэчы Паспалітай з большай энергіяй і красамоўствам, чым Русо, які ніколі не выязджаў усходней за Швейцарыю.

Снег і агонь

У 1784 г. граф Луі‑Філіп дэ Сегюр выправіўся з Францыі ў Расію як паўнамоцны і надзвычайны пасол Людовіка XVI у Санкт‑Пецярбурзе, пры двары Кацярыны ІІ. Спыніўшыся праездам у Берліне, Сегюр быў прыняты ў Патсдаме немаладым і ў той час ужо легендарным каралём Фрыдрыхам ІІ.

Ведаючы, што пасол паедзе праз Рэч Паспалітую, кароль не ўтрымаўся ад каментароў да вобразу гэтай дзяржавы: «Вольны край, дзе народ у няволі, рэспубліка пры каралі, велізарная краіна, дзе амаль ніхто не жыве». І далей: жыхары Рэчы Паспалітай — выдатныя ваяры, але іх арміі бракуе дысцыпліны. Мужчыны гэтай дзяржавы адважныя, але цвёрдасцю характару, нават гераізмам, вылучаюцца іхнія жанчыны; таму, кпліва заўважыў Фрыдрых, «гэтыя жанчыны — сапраўдныя мужчыны». Прускі кароль назваў Рэч Паспалітую «займальнаю краінай», у ацэнках якой выкарыстаў мову парадоксаў і супярэчнасцяў. Ці не падобны прыём дапамог яму ў 1772 г. прапанаваць праект першага падзелу Рэчы Паспалітай?

Сам Сегюр апісваў ужо Гродна па звыклай формуле кантрастаў: «…сумесь запусцелых хацін, напаўразваленых дамоў, палацаў, якія ляжаць у руінах, але аздобленых цудоўнымі брамамі, рэшткамі мінулай велічы».

Ён наведаў нядаўна заснаваную надворным падскарбіем ВКЛ Антоніем Тызенгаўзенам ткацкую мануфактуру і таму, што ягоная краіна ганарылася ткацкаю вытворчасцю, заўважыў з паблажлівай цікавасцю: «Гэтая галіна прамысловасці тут толькі яшчэ ў зародку».

У Варшаве Сегюру настойліва раілі адкласці ад’езд у Санкт‑Пецярбург — пачыналася зіма 1784—1785 гг., пайшоў снег. Падарожнік не стаў чакаць і потым пашкадаваў пра гэта. Ён мог праехаць па снезе толькі ў лёгкіх санях. Давялося пакінуць багаж на захаванне недзе «паміж Беластокам і Рыгаю». Пазней яму паведамілі, што той згарэў. З уласцівай Усходняй Еўропе парадаксальнасцю «снег і агонь аб’ядналіся, каб мяне пакараць», — занатуе Сегюр.

Мядзведзь з адкрытай пашчай

Уяўленне пра Усходнюю Еўропу як рэгіён, дзе пануюць фантазіі, адлюстравалася ў «Вандраваннях і дзіўных прыгодах барона Мюнхгаўзена» Рудольфа Эрыка Распэ. Як і герой твору, Распэ быў немцам, але, дзякуючы дынастычным сувязям англійскага каралеўскага двара і ягонага роднага Гановеру, службу аўтар адбываў па абодва бакі Ла‑Маншу. «Прыгоды Мюнхгаўзена» былі апублікаваныя па‑англійску ў 1785 г., і, дзякуючы перакладу 1786 г. на нямецкую мову, атрымалі велізарную папулярнасць. Такім чынам, кніга ўпершыню выйшла ў свет, калі паездка Сегюра па такім самым маршруце падыходзіла да заканчэння.

Першае, што ўбачыў Мюнхгаўзен ва Усходняй Еўропе, быў «бедны стары», які «ляжаў на пажоўклым лузе ў Польшчы, пасярод дарогі, бездапаможны, дрыжаў, ледзь меў чым прыкрыць сваю галізну». Гэта — апошняе звыклае відовішча, сустрэтае ім па дарозе ў Санкт‑Пецярбург, а таксама адзін з апошніх эпізодаў, дзе ўдзельнічаюць людзі. Для Мюнхгаўзена Усходняя Еўропа — край фантастычных прыгод сярод лютых звяроў, перамога над якімі была метафарай заваёваў і цывілізацыйнай перавагі.

Памятнай і поўнай задавальненняў была ягоная сустрэча з мядзведзем:

«Аднойчы ў польскім лесе і светлы час сутак, і порах падышлі да канца. Калі я ўжо кіраваўся дадому, жахлівы мядзведзь пагнаўся за мной з велізарнаю хуткасцю, з раскрытаю пашчай, гатовы накінуцца на мяне. Імгненне я абшукаў усе кішэні ў пошуках кулі і пораху, але дарэмна: я знайшоў толькі два запасныя крэмені. Адзін я кінуў з усяе моцы ў адкрытую пашчу пачвары, ды патрапіў яму проста ў самую глотку. Ад гэтага яму зрабілася балюча і прымусіла павярнуцца кругам, так што я мог пацэліць другім крэменем проста яму ў чорны ход, што і зрабіў з незвычайным поспехам. Ён заляцеў усярэдзіну, сутыкнуўся ў страўніку з першым крэменем, высек агонь, і страшэнны выбух разарваў мядзведзя».

Такімі апісаннямі поўніцца ўся кніга пра Мюнхгаўзена. Адчуваюцца далёкія паралелі з маркізам дэ Садам і ягонай «Гісторыяй Жульеты», у якой Усходняя Еўропа была найперш арэнай анальных згвалтаванняў, хоць ягоныя героі і гераіні знаходзілі дзеля гэтага магчымасці і ў іншых частках зямной кулі. Героі дэ Сада аддаваліся самым дзікім і садысцкім сексуальным подзвігам, у шмат чым аналагічным таму, што вырабляў Мюнхгаўзен з звярыма Усходняй Еўропы. Але ж фантазіі дэ Сада патрабавалі чалавечых ахвяраў.

Практыкаванні ж барона Мюнхгаўзена з жывёламі не заўжды прыводзілі да лятальнага канца. Аднойчы ён наведаў «нейкую сядзібу ў Літве» і пабачыў каня, якога ніхто не асмельваўся аб’ездзіць:

«Адным махам я апынуўся ў яго на спіне, чаго ён не чакаў, і прывёў яго да мяккасці і пакорлівасці з дапамогаю майстэрскіх прыёмаў верхавой язды, якімі я валодаў дасканала. Каб цалкам прадэманстраваць гэта дамам і зберагчы іх ад непатрэбных турботаў, я прымусіў яго адным разам скочыць у адчыненае акно гасцёўні, прайсціся некалькі разоў вакол крокам, рыссю і галопам і, нарэшце, ускочыць на гарбатны столік, чароўна паўтарыўшы там свой урок у мініяцюры, што выклікала надзвычайнае задавальненне дам, бо ён зрабіў усё настолькі дзівосна, што не пабіў ніводнай філіжанкі ці сподачка».

Дзякуючы майстэрскай верхавой яздзе, барон Мюнхгаўзен вырашыў асноўную для Усходняй Еўропы супярэчнасць паміж дзікасцю і цывілізаванасцю, якую сімвалізаваў конь на століку для гарбаты. Вядома, яму адразу ж прапанавалі каня ў прэзент. І ён адправіўся на сваім літоўскім скакуне на бітву з туркамі ў складзе расійскага войска.

Дзіўныя прыгоды адбываліся менавіта ва Усходняй Еўропе, бо паблізу знаходзілася Азія, а крыху далей — адкрыты космас.

У выніку свайго вайсковага і дыпламатычнага майстэрства Мюнхгаўзену, як «найлепшаму жаўнеру і паляўнічаму Усходняй Еўропы», удалося ўсталяваць мір паміж Расіяй і Турцыяй. Ён адправіў каманду расійскіх і турэцкіх работнікаў на пабудову важнага каналу: «Потым на чале мільёнаў расійскіх сапёраў я скіраваўся да Суэцкага перашыйку, дзе далучыў да свайго атраду мільён туркау, узброеных рыдлёўкамі і кіркамі. Яны сабраліся не дзеля таго, каб рэзаць адзін аднаму горла, а каб, да іхняй агульнай выгоды, спрыяць гандлю і цыві¬лізацыі, каб усе багацці Індыі пацяклі праз гэты новы канал у Еўропу».

Такім чынам, Мюнхгаўзен абраў найлепшы спосаб садзейнічаць справе цывілізацыі і ўсталявання сувязей паміж Еўропай і Азіяй, выкарыстоўваючы рабскую працу мільёнаў чалавек. Нібы ў працяг фантазій Мюнхгаўзена, французскі дыпламат і інжынер Фердынанд дэ Лесэпль, атрымаўшы ў 1854 і 1856 гг. ад егіпецкага ўладара Саіда‑пашы канцэсію на будаўніцтва Суэцкага каналу, для земляных прац выкарыстоўваў прымусовую працу бедных слаёў насельніц¬тва Егіпту.

Пра плыткасць межаў

Уяўленні пра абшары Усходняй Еўропы пратрывалі праз усё ХІХ і ХХ ст., і ім не змаглі перашкодзіць спробы самарэфлексіі інтэлектуалаў саміх гэтых краін, якія ўспрынялі канцэпцыю Цэнтральнай Еўропы. Таму Уінстану Чэрчылю так лёгка было ў Ялце ў лютым 1945 г. аддаць Сталіну якраз тую частку Еўропы, пра якую ён так пранікнёна скажа ўжо 5 сакавіка 1946 г. у сваёй лекцыі ў Фултане, штат Місуры: «Ад Шчэціна на Балтыцы да Трыесту на Адрыятыцы жалезная заслона апусцілася праз увесь кантынент». Гэтай фразе пра «жалезную заслону», якая падзяліла Еўропу на дзве часткі, заходнюю і ўсходнюю, было наканавана стаць самай удалай рытарычнай знаходкай Чэрчыля ва ўсёй яго палітычнай кар’еры.

Хоць справядліва будзе адзначыць, што ўяўленні пра вобраз і межы Усходняй Еўропы не застаюцца нязменнымі. Пасля таго, як Польшча, Чэхія, Вугоршчына, а таксама Літва і Латвія ўвайшлі ў еўраатлантычныя структуры, паняцце Усходняй Еўропы звужаецца і канкрэтызуецца. Цяпер у амерыканскіх даследчых і навучальных праграмах як асобны памежны рэгіён разглядаюцца тры краіны — Беларусь, Украіна і Малдова, — якія знаходзяцца паміж Расіяй і Еўрапейскім Саюзам. Праграма «Усходняга партнёрства» фактычна пашырае межы Усходняй Еўропы на Паўднёвы Каўказ.

Усходняя Еўропа, аднойчы вынайдзеная, працягвае жыць па сваіх канонах — як усялякі культурны феномен.

Алег Дзярновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0