Асаблівае значэнне мае правал сацыл-дэмакратаў у Нямеччыне. А ў Швецыі дэпутацкі мандат заваяваў прадстаўнік ад Партыі піратаў, трэцяй па колькасці ў краіне.

Правацэнтрысцкія партыі захаваюць кантроль у Еўрапарламенце, хоць яны і паказалі горшы вынік, чым пяць гадоў таму. Такія звесткі паказаў папярэдні падлік галасоў на выбарах.

Еўрапейскія выбарцы вырашалі гэтымі днямі лёс 736 мандатаў. У нядзелю галасаванне прайшло ў 19 краінах ЕС, у васьмі іншых яно адбывалася з чацвярга па суботу.

Паводле папярэдняй інфармацыі, найбуйнейшае еўрапейскае наднацыянальнае палітычнае аб’яднанне — Еўрапейская народная партыя захавае кантроль над Еўрапарламентам. У іх будзе ад 267 да 271 месцаў.

Другой палітычнай сілай застануцца сацыялісты (157 — 161 мандат). Хоць менавіта яны найбольш страцілі на гэтых выбарах.

Альянс лібералаў і дэмакратаў Еўропы можа разлічваць на 80—82 дэпутацкія мандаты, зялёныя на 51.

Далей ідуць Саюз за Еўропу нацый — згуртаванне еўраскептычных палітычных сілаў (брытанскія кансерватары, польская партыя «Закон і справядлівасць», чэскі Грамадзянскі форум) з 35 мандатамі, аб’яднаныя левыя (камуністы, левакі і трацкісты) з 33, група незалежных дэпутатаў з 20-ці.

Прадстаўнікі крайне правых партый атрымалі агулам каля сарака мандатаў. Іх кандыдаты прайшлі ў Брытаніі, Нідэрландах, Даніі, Францыі, Аўстрыі, Славаччыне, Румыніі, Баўгарыі, Італіі.

Францыя

Паводле папярэдніх звестак, тут на еўравыбарах перамагла кіроўная партыя Саюз у падтрымку народнага руху (27,87%).

На долю Францыі ў Еўрапарламенце прыходзіцца 72 дэпутацкія месцы. Правыя атрымаюць 30 месцаў, за сацыялістаў прагаласавалі 16,48% (гэта ‑‑ 14 месцаў), трэцяе месца ў «зялёных» — 16,28%.

Брытанія

Лейбарысты тут пацярпелі сакрушальную паразу.

Самі выбары выйгралі кансерватары, за якіх прагаласавалі 28,6% выбарцаў. Лейбарыстаў нават абагнала Партыя незалежнасці (г.зв. еўраскептыкі), за іх аддалі галасы 17,4% выбарцаў. За лейбарыстаў жа прагаласавалі 15,3% брытанцаў, за ліберальных дэмакратаў — 14%, за «зялёных» — 8,7%.

Для лейбарыстаў вынік выбараў найгоршы з 1920‑х гадоў. Сенсацыяй таксама стала праходжанне ў парламент двух прадстаўнікоў ад ультраправай Брытанскай нацыянальнай партыі, якую ў Еўрапарламенце называюць нацысцкай.

У Брытаніі на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 34,7% выбарцаў.

Нямеччына

Тут перамагла кіроўная кааліцыя ХДС/ХСС — 37,9%, за сацыял‑дэмакратаў прагаласавалі 20,8%, за зялёных — 12,1%, за Свабодна‑дэмакратычную партыю — 11%, за посткамуністычную лявіцу — 7,5%.

Італія

Партыя Сільвіё Берлусконі «Народ Свабоды» набрала 35,6% галасоў, што на два працэнты меней, чым на папярэдніх выбарах,

апазіцыйная Дэмакратычная партыя набрала 24,4%, а гэта на сем працэнтаў меней, чым на папярэдніх выбарах. Ліга Поўначы атрымала 9,6% галасоў.

Ірландыя

Тут перамагла апазіцыйная Фінэ Гэл, якая атрымала 30% галасоў.

За Фіану Файл прагаласавалі 23% выбарцаў, лейбарыстаў — 16%, за Шын Фэйн — 12%, зазначае Еўраньюс.

Швецыя

У гэтай краіне з 18 дэпутацкіх мандатаў адзін мандат атрымаў прадстаўнік ад Партыі піратаў.

Дарэчы, гэтая партыя, што выступае за аблягчэнне заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, трэцяя па колькасці ў краіне.

Польшча

Грамадзянская платформа набрала 44% галасоў, Права і Справядлівасць — 27,4%, лявіца — 12,3%, паведамляе Газета Выборча.

Чэхія

Грамадзянская дэмакратычная партыя на выбарах у Чэхіі набрала 31,43% галасоў, што дае ёй дзевяць мандатаў, за сацыял‑дэмакратаў тут прагаласавалі 22% выбарцаў.

Літва

Саюз Айчыны — хрысціянскія дэмакраты набраў 26,4% галасоў (4 мандаты), Сацыял‑дэмакратычная партыя — 18,62% (3 мандаты), Партыя «Парадак і справядлівасць» — 12,24%, Партыя працы — 8,81% (2 мандаты), Выбарчая акцыя палякаў — 8,46%, Рух лібералаў — 7,35% (абедзве партыі атрымаюць па адным мандаце), а вось за Жмудскую партыю прагаласавалі толькі 1,26% выбарцаў, паведамляе дэлфі.

Латвія

Перамогу атрымала кансерватыўная партыя «Грамадзянскі саюз» (24,32%), другое месца заняў русафільскі «Цэнтр згоды» (19,53%), што выйграў муніцыпальныя выбары. Гэтыя партыі атрымаюць па два дэпутацкія месцы, зазначае novonews.lv

Эстонія

Выбары выйграла Цэнтрысцкая партыя і незалежны кандыдат Індрэк Таранд, якія на пару сабралі 200 тысяч галасоў, піша Postimees.

Цэнтрысты атрымаюць два месцы ў Еўрапарламенце. За якіх прагаласавалі 103 тыс 525 выбарцаў, за Індрэка Таранда - 102 509 чалавек. Таранд нават абагнаў Партыю рэформаў (60 899 галасоў), за Саюз Isamaa і Res Publica прагаласавалі 48 489 чалавек, за сацыял-дэмакратаў - 34 554, яшчэ адзін незалежны кандыдат Дзмітры Кленскі - 7 152 галасоў.

***

Агулам яўка на выбарах склала 43,24% ‑‑ самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю выбараў у Еўрапарламент.

Дастаткова высокую актыўнасць праявілі грамадзяне Італіі (67%), Даніі (59.5%), Кіпра (59%), Ірландыі (55%).

Найменей дысцыплінаванымі аказаліся грамадзяне Францыі (41%), Балгарыі і Швецыі (35%), Партугаліі (33%), Чэхіі (25%), Славеніі (22.3%), Славакіі (19.6%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0