Рашэнне аб вяртанні парламенту Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, якое можа быць прынята 23 чэрвеня на сесіі ПАРЕ ў Страсбургу, «нельга разглядаць як нейкі падарунак». Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю БелаПАН заявіў дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

«Прадастаўленне гэтага статусу ўвязана з праверкамі на адпаведнасць стандартам Рады Еўропы. У маім дакладзе ўказаны канкрэтныя крытэрыі: мы просім, каб беларускімі уладамі былі зроблены наступныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі краіны», — сказаў Рыгоні.

У прыватнасці, зазначыў ён, гаворыцца аб неабходнасці выконваць такія асноватворныя дэмакратычныя каштоўнасці, як свабода ў рэгістрацыі палітычных аб’яднанняў і рухаў, свабода СМІ, свабода выказвання думак, а таксама аб неабходнасці ўвядзення мараторыя на смяротную кару і перагляду выбарчага заканадаўства Беларусі.

Еўрапейскі палітык падкрэсліў, што «ўвесь гэты працэс падлягае праверцы», якую будуць ажыццяўляць палітычны камітэт ПАРЕ і падкамітэт па Беларусі пры ўдзеле як прадстаўнікоў беларускага парламента, гэтак і прадстаўнікоў апазіцыі.

«У маім дакладзе ўстаноўлены тэрмін у адзін год для таго, каб праверыць рэалізацыю гэтых крокаў, — сказаў Рыгоні. —

І гэта не проста пусты гук або балбатня, бо Рада Еўропы і ПАРЕ хочуць бачыць канкрэтныя вынікі. Праз год статус спецыяльнага запрошанага можа быць або прадоўжаны, або адменены па выніках праверкі».

Дакладчык таксама зазначыў, што ў выпадку станоўчага рашэння аб вяртанні статусу спецыяльнага запрошанага на сесіі ПАРЕ будзе запрашацца не толькі афіцыйная дэлегацыя Беларусі, але і дэлегацыя апазіцыі. Прычым запрашэнне для апазіцыі на ўдзел у працы ПАРЕ будзе насіць пастаянны характар, падкрэсліў Рыгоні.

Ён таксама заявіў, што ПАРЕ будзе працягваць сачыць за ходам расследавання выпадкаў знікнення палітыкаў і журналіста ў Беларусі ў 1999—2000 гадах. «Мы якраз рухаемся ў гэтым кірунку, — сказаў палітык. — Калі мы даб’емся аднаўлення статусу спецыяльнага запрошанага для Беларусі, то гэта зробіць нас больш моцнымі, у тым ліку і ў тым, каб падштурхоўваць працэс расследавання гэтых выпадкаў».

Кажучы аб новай палітыцы Рады Еўропы ў дачыненні да Беларусі, Рыгоні зазначыў, што арганізаця «шукае новыя шляхі для таго, каб аказваць уплыў на сітуацыю».

«Мы ўбачылі, што ізаляцыя Беларусі і фактычна аўтаізаляцыя з боку беларускіх уладаў не прынеслі ніякіх даброт краіне. Практычна сітуацыя заставалася замарожанай на працягу 10 гадоў, — канстатаваў Рыгоні. — Мы верым, што надышоў такі момант, калі трэба дзейнічаць больш актыўна, каб тут пачулі голас Рады Еўропы, каб у Беларусі ўзрастала ўсведамленне неабходнасці выканання такіх каштоўнасцей, як правы чалавека, прававая дзяржава. Мы хочам падштурхнуць улады да наладжвання канструктыўнага і хуткага дыялогу».

Сённяшняе адкрыццё ў Мінску інфармацыйнага цэнтра Рады Еўропы расцэньваюць як адзін з крокаў па збліжэнні бакоў.

«Пакуль гэта маленькі цэнтр, але калі мы адновім статус спецыяльнага запрошанага, то зможам прасіць аб адкрыціі большага офіса РЕ. Гэта значыць, пашырыць прысутнасць арганізацыі ў Беларусі, каб людзі маглі больш даведацца пра РЕ», — падкрэсліў еўрапейскі палітык.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0