Гродзенскага журналіста папярэдзілі аб тым, што ён не мае права прадстаўляцца старшынёй Галоўнай Рады «Саюза палякаў на Беларусі», а таксама афіцыйна забаранілі карыстацца сімволікай СПБ.

Сёння сябра апальнага Саюза палякаў на Беларусі Андрэя Пачобута выклікалі ў пракуратуру Гродзенскай вобласці.

Намеснік начальніка аддзела абласной пракуратуры Караваеў зачытаў яму афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства РБ. Пачобута папярэдзілі аб тым, што ён не мае права прадстаўляцца старшынёй Галоўнай Рады «Саюза палякаў на Беларусі», а таксама афіцыйна забаранілі карыстацца сімволікай СПБ. Нагодай для папярэджання стаў ліст з Генпракуратуры, куды напрыканцы сакавіка СПБ на чале з Анжалікай Борыс звярнуліся ў сувязі з паказаным на Першым нацыянальным канале сюжэтам, прысвечаным правядзенню VII з’езда Саюза палякаў на Беларусі15 сакавіка ў Гродне. Той зварот у якасці старшыні Галоўнай Рады «Саюза палякаў на Беларусі» падпісаў А. Пачобут.

«Уся працэдура заняла 5‑7 хвілін: мне зачыталі папярэджанне, прапанавалі падпісацца, што я з ім азнаёміўся» — распавёў сп. Пачобут і дадаў, што супрацоўнікі пракуратуры выглядалі стомленымі і не выяўлялі асаблівага жадання дыскутаваць. «Я адмовіўся падпісаць тую паперу, бо мне не выдалі копію, сказаўшы, што гэта не прадугледжана законам. Тады выклікалі двух супрацоўнікаў і ў іх прысутнасці падпісалі дакумент за мяне» — патлумачыў журналіст. Па яго словах, справа з папярэджаннем наўрад ці бузе мець працяг, бо ў такім разе давядзецца распачынаць крымінальную справу, а гэта ў сваю чаргу можа праліць святло на ўдзел дзяржавы ў падзеях вакол Саюзу палякаў у 2005 годзе. «Сёння мы маем вусныя сведчанні людзей, як тады ўлады арганізоўвалі «свой» з’езд, у выпадку следства мы зможам пабачыць і канкрэтныя дакументы» — мяркуе А. Пачобут.

Гэта не першае папярэджанне пракуратуры датычна Пачобута. У 2005 годзе пракуратура папярэджвала А. Пачобута ў якасці галоўнага рэдактара часопісу СПБ «Магазын Польскі».

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0