Шэсцьдзесят гадоў таму, 8 чэрвеня 1949 году ў Англіі, а яшчэ праз пяць дзён — у ЗША пабачыў свет раман Джорджа Оруэла «1984» («Nineteen Eighty‑Four»).

Пачатковы наклад кнігі — 25 тысяч асобнікаў — не адпавядаў таму ўплыву, які зрабіла антыўтопія на сучаснае грамадства. Фактычна, з’яўленне яе знаменавала закат камунізму. Што б ні казалі сучаснікі Оруэла на Захадзе пра падабенства «ангсоца» і рэаліяў тагачаснай карпарацыі Бі‑Бі‑Сі, дзе працаваў пісьменнік, ці палітычнага ладу ў Брытаніі, усё‑ ткі размова ў рамане вялася пра таталітарызм.

У «1984» ён паўставаў перад чытачом як свайго роду ідэальны гібрыд, сашчэплены фантазіяй аўтара са сталінскага камунізму і гітлераўскага нацызму.

Вобразы гэтага рамана — напрыклад, Вялікі Брат (Big Brother), які ўвесь час глядзіць на цябе, лозунгі «Вайна ёсць мір», «Свабода ёсць рабства», «Няведанне ёсць сіла» (тут і далей цытую паводле перакладу Сяргея Шупы), выразы «Той, хто кіруе мінулым, кіруе будучыняй» і іншыя даўно разышліся на цытаты. Уласна кажучы, оруэлаўскія Міністэрства міру, Міністэрства праўды, або Міністэрства любові (якое займаецца фальшаваннем гісторыі!) нікуды не знікалі.

Яны працягваюць прысутнічаюць і ў нашым сённяшнім жыцці.

Нічога новага ў паралелях паміж оруэлаўскімі творамі і сучаснасцю, вядома, няма. Гэтыя параўнанні даўно сталі банальнымі. Тым больш, калі яны робяцца «ў лоб».

Але ёсць у тэксце «1984», прынамсі, адна загадка, якая не дае спакою.

Яна ўтрымліваецца ў размове героя твора Ўінстана з ягоным катам (і Вялікім Братам) О’Браенам. Той раскрывае перад ім у парыве шчырасці «сакрэт»: «Мэта пераследавання — пераследаванне. Мэта катавання — катаванне. Мэта ўлады — улада. Цяпер вы пачынаеце мяне разумець? »

І далей ён задае сваё галоўнае пытанне:

«— Як чалавек выяўляе сваю ўладу над іншым чалавекам, Ўінстан?

— Ён прымушае яго пакутаваць, — падумаўшы, адказаў той.

— Слушна. Ён прымушае яго пакутаваць. Адной паслухмянасці недастаткова. Калі ён не пакутуе, як тады быць пэўным, што ён падпарадкоўваецца вашай волі, а не сваёй? Улада палягае ў тым, каб спрычыняць боль і прыніжэнне (…) Але заўсёды — не забывайцеся, Ўінстан — заўсёды будзе ап’яненне ўладай, яно будзе ўвесь час расці і рабіцца ўсё болей вытанчаным. Заўсёды, у кожную хвіліну, будзе ап’яненне перамогай, радасць дратавання бездапаможнага ворага. Калі хочаце абразок будучыні, уявіце сабе, як бот наступае на чалавечы твар — назаўсёды».

Дык вось гэтае назаўсёды…Ці сапраўды Оруэл, пішучы сваю ўтопію, думаў, што бот на чалавечым твары застанецца адзіным сімвалам цывілізацыі, сімвалам улады? І сімвалам чалавечай прыроды! Так, бо ўспомнім — Ўінстан не толькі выракся сваёй каханай Джуліі, ён атрымаў урэшце сапраўднае задавальненне ў тым, што прычыніў ёй боль.

Філосаф Эрых Фром у сваім каментары да рамана «1984» пісаў, што «пры ўдалым маніпуляванні свядомасцю чалавека, чалавек не кажа процілеглага таму, што ён думае, але думае процілеглае праўдзе. Такім чынам, калі чалавек цалкам згубіў сваю незалежнасць, шчырасць, калі ён адчувае сябе рэччу, часткай дзяржавы, партыі або карпарацыі, тады двойчы два — пяць, альбо «Рабства ёсць свабода», і ён лічыць, што мае рацыю, бо ён больш не ўсведамляе розніцы паміж праўдай і маной». (Цыт. паводле перакладу Аляксея Багамольскага на расійскую).

Рышард Капусцінскі ў сваёй «Імперыі» цытуе яшчэ аднаго выдатнага філосафа ХХ стагоддзя Карла Попера. Дакладней, ён прыводзіць на памяць яго словы:

«Няведанне — гэта не просты і пасіўны недахоп ведаў, гэта актыўная пазіцыя…»

(Пераклад з польскай Яўгена Салейчука). Па‑сутнасці, гэта ключавыя словы і для разумення твора Оруэла.

Так маральная параза яго герояў палягае не ў іх пасіўнасці, а ў дабраахвотным ап’яненні ўладай, радасці «дратавання бездапаможнага». Пазіцыя аўтара антыўтопіі, канечне, не была пасіўнай. Ён хацеў ведаць усё — нават самае жудаснае, каб папярэдзіць яго надыход. А значыць, спадзяваўся на тое, што прырода чалавека не зводзіцца да жадання ўладарыць.

Ведаць ці не ведаць — актыўна супрацьстаяць злу, ці не менш актыўна яму дапамагаць. Гэты выбар стаіць і перад сённяшнім беларускім грамадствам.

Часам на самым элементарным узроўні: а навошта ведаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю? Лепей наступіць ботам на твар таго, хто гаворыць або хрыпіць нешта па‑беларуску.

Оруэл не страціў сваёй актуальнасці ў 1984‑м. Яго антыўтопія яшчэ можа спраўдзіцца ў ХХІ стагоддзі. Яна ўсё яшчэ жыве ў кожным з нас.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0