Сёння ў Маскве пройдуць пасяджэнне Міждзяржсавета ЕўрАзЭС і беларуска‑расійскія перамовы.

Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі возьме ўдзел у пасяджэнні Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС), якое пройдзе 9 чэрвеня ў Маскве.

У склад ЕўрАзЭС уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Мэта гэтай міжнароднай эканамічнай арганізацыі — фармаванне агульных знешніх мытных межаў краін‑удзельніц, выпрацоўка адзінай знешнеэканамічнай палітыкі, тарыфаў, цэн і іншых складнікаў агульнага рынку. З 2002 года статус назіральніка пры ЕўАзЭС маюць Малдова і Украіна, з 2003 — Арменія.

Плануецца, што спачатку адбудзецца сустрэча прэм’ер‑міністраў Беларусі, Расіі і Казахстана па пытанні стварэння Мытнага саюза. Затым пад старшынствам Сідорскага пройдзе пасяджэнне Міждзяржсавета ЕўАзЭС у вузкім і пашыраным складах, па выніках якога плануецца падпісаць шэраг дакументаў.

У прыватнасці, як паведамляе прэс‑служба расійскага ўрада, плануецца падпісаць Дагавор аб заснаванні антыкрызіснага фонду і пагадненне з Еўразійскім банкам развіцця, а таксама зацвердзіць План сумесных мер па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. «Асноўная ўвага будзе нададзена актывізацыі калектыўных антыкрызісных намаганняў у гандлёвай і эканамічнай сферах», — гаворыцца ў паведамленні.

Мяркуецца, што антыкрызісны фонд пачне сваю працу ўжо ў 2009 годзе. Яго сродкі будуць выкарыстаныя для давання суверэнных пазыкаў і стабілізацыйных крэдытаў дзяржавам‑удзельніцам, а таксама фінансавання міждзяржаўных інвестыцыйных праектаў.

Мяркуецца, што памер статутнага фонду складзе 10 млрд. даляраў ЗША, з якіх 7,5 млрд. унясе Расія.

Пагадненне з Еўразійскім банкам развіцця прадугледжвае кіраванне сродкамі згаданага фонду, паведамляе прэс‑служба.

На пасяджэнні Міждзяржсавета таксама плануецца зацвердзіць палажэнне аб Цэнтры высокіх тэхналогій ЕўрАзЭС, асноўная мэта якога — садзеянне развіццю навукова‑тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Цэнтр павінен пачаць працу ўжо ў 2009 годзе.

У рамках сустрэчы прэм’ераў Расіі, Беларусі і Казахстана мяркуецца прыняць шэраг дакументаў і акрэсліць чарговыя задачы па стварэнні Мытнага саюза ў фармаце «тройкі», гаворыцца ў прэс‑рэлізе.

«Гаворка, перадусім, ідзе пра пагадненне аб парадку ўвядзення і ўжывання мер, што закранаюць знешні гандаль таварамі, на адзінай мытнай тэрыторыі ў дачыненні да трэціх краін, і пагадненне аб правілах ліцэнзавання, — тлумачыць прэс‑служба ўрада. — Згаданыя дамоўленасці закліканы ўмацаваць нарматыўна‑прававую базу Мытнага саюза і стварыць неабходныя ўмовы для таго, каб пачаць яго працу з 1 студзеня 2010 года».

Сёння ў Маскве таксама пройдуць перамовы міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі Сяргея Мартынава і Сяргея Лаўрова.

Як паведаміла прэс‑служба беларускага МЗС, міністры маюць намер абмеркаваць «шырокае кола пытанняў двухбаковых адносін, узгадніць дату і праект парадку дня сумеснага пасяджэння калегій МЗС дзвюх краін у 2009 годзе, разгледзець ход выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2008—2009 гады, абмяняцца меркаваннямі па актуальных тэмах міжнароднага парадку дня».

Акрамя таго, чакаецца, што 9 чэрвеня галоўныя санітарныя ўрачы Беларусі і Расіі Валянціна Качан і Генадзь Анішчанка абмяркуюць у Маскве сітуацыю з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак.

Нагадаем, з 6 чэрвеня Расія забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю амаль 500 найменняў беларускай малочнай прадукцыі, а пасля аб’явіла пра магчымую забарону на ўвоз яшчэ 800 найменняў. Афіцыйная прычына — неадпаведнасць дазвольных дакументаў патрабаванням, якія дзейнічаюць у Расіі з 12 снежня 2008 года.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0