Суд над фігурантам «справы чатырнаццаці» Максімам Дашуком пачнецца 15 чэрвеня ў 10.15 у судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Працэс павінен быў пачацца яшчэ 1 чэрвеня, аднак яго перанеслі на нявызначаны час з‑за хваробы аднаго з судовых засядацеляў.

Супраць Максіма Дашука была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 415 КК («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»).

У траўні 2008 г. Максім быў асуджаны на паўтара году абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуры, так званай «хатняй хіміі».

Праз свой узрост і адсутнасць мінскай прапіскі хлопец так і не змог уладкавацца на працу, таму фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. З дому яму дазвалялася выходзіць толькі на дзве гадзіны ў суткі — ад дзесятай да дванаццатай раніцы.

Вясной у Максіма памёр бацька, таму яму часта даводзілася дапамагаць маці, якая працуе прадпрымальніцай. Міліцыянты вынеслі Дашуку чатыры папярэджанні. Адну ноч хлопец правёў у следчым ізалятары, пасля чаго пракурор памяняў меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

У пачатку траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала фігурантаў «справы 14‑ці» вязнямі сумлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0