Крэдыт Беларусі ў памеры 500 млн. даляраў можа быць выдзелены са сродкаў антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Аб гэтым 9 чэрвеня заявіў журналістам у Маскве віцэ‑прэм’ер, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын, паведамляе РІА Новости.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці прадастаўлення Мінску такога крэдыту, ён сказаў:

«Усе варыянты разглядаюцца».

Паводле слоў Кудрына, антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС будзе створаны на працягу найбліжэйшых двух месяцаў. «Як толькі ўсе краіны ратыфікуюць гэтае рашэнне, фонд пачне сваю працу», — заявіў ён.

9 чэрвеня на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС у Маскве плануецца падпісаць дагавор аб заснаванні антыкрызіснага фонду, а таксама пагадненне аб кіраванні сродкамі фонду з Еўразійскім банкам развіцця, паведаміла прэс‑служба расійскага ўрада.

Сродкі фонду будуць выкарыстаныя для выдзялення суверэнных пазыкаў і стабілізацыйных крэдытаў дзяржавам‑удзельніцам, а таксама фінансавання міждзяржаўных інвестыцыйных праектаў. Доля Расіі складае большую частку статутнага капіталу стваранага фонду — 7,5 млрд. даляраў з 10 млрд. даляраў.

У склад ЕўрАзЭС уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расія і Таджыкістан. Статус назіральніка пры арганізацыі маюць Малдова і Украіна.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0