Алесь Адамковіч: Сёньня назіраецца такая сытуацыя: вымірае беларуская вёска, а разам з ёй і носьбіты мовы, традыцыі. Моладзь ахвотна пераходзіць на расейскую мову, і такім чынам губляецца той матэрыял, на аснове якога развіваецца нацыя.

Зянон Пазняк: Гэта самы небясьпечны працэс, які зараз выкліканы гэтай дыктатурай. Ён сьведама інсьпіраваны і распачаты яшчэ 200 год таму. Спачатку вынішчалі шляхту, эліту, культуру, інтэлегенцыю, потым вынішчалі сялянства, лепшае.

А за часы саветызму, калі была бальшавіцкая дыктатура, гэта быў адзін з асноўных накірункаў палітыкі — вынішчыць беларускае сялянства.

І яны гэтага практычна дамагліся, адабраўшы маёмасьць, уласнасьць і пераўтварыўшы вяскоўцаў ў калгасных рабоў. Але яны даканца не зруйнавалі вёску, якую канчаткова спрабавалі вынішчыць у 60 гадах, калі ўзьнік план аб зьнішчэньні часткі, як яны тады называлі, неперспектыўных вёсак, гэта была большая частка вёсак, а дакладна, з 34 тысяч беларускіх вёсак пакідалі толькі 9 тысяч. Такім чынам бальшыню павінны былі ліквідаваць. Гэта быў чарговы план вынішчэньня, пасьля таго, як зьліквідавалі сялянства.

Такім планам займаўся найбольшы цемрашал у Беларусі Пётра Машэраў, але ажыцявіць яго не здолелі па некалькіх прычынах.

Сам план вымагаў вялікіх сродкаў, якіх у Савецкага Саюза ўжо не было на такія справы, таму ўсё гэта рухалася даволі павольна і дажыло да канца Савецкага Саюза і гэты план як бы разваліўся. Але, паколькі ўлада засталася ў руках старой наменклятуры, потым Масква паставіла сваю крэатуру, выкарыстаўшы выбары і, фактычна, акупаваўшы Беларусь знутры, то гэтая палітыка аднавілася на новым узроўні вось гэтай прамаскоўскай дыктатурай і яна вядзецца на ўзроўні дэмаграфічным, сацыяльна‑культурным і эканамічным. План — стварэньне так званых аграгарадкоў, гэта значыць стварэньня новых паселішчаў, куды сьцягваюцца людзі з тых населеных пунктаў, якія зьнішчаюцца і гаворыцца, што тут будзе нешта развівацца. Гэта зразумела, што такім чынам будзе сьмерць вёсцы, бо такія паселішчы не могуць быць жыцьцяздольнымі: засяліць людзей з розных месцаў, адарваць з карэньнямі і перацягнуць у іншае месца з тым, што яны будуць нібы займацца нейкай працай. А гэта супярэчыць элементарнаму здароваму сэнсу і навуцы. Але паколькі кіруе цемра, то яна дзейнічае па законах цемры. А сутнасьць у тым, што гэта вельмі небясьпечны працэс для існаваньня нацыянальнай культуры, бо вынішчаецца этнічнае карэньне. Этнічнае карэньне любой нацыі зьвязанае з зямлёй, зьвязанае з сялянствам. Гэта ўвогуле ў пляне маральным, сацыяльным, этнакультурным найбольш дасканалая частка этнанасельніцтва ў гэтым сэнсе, хаця рухавікамі цывілізацыі з’яўляюцца гарады. Пакуль няма гораду — гэта будзе маразм правінцыі. Але тым не менш асновай, на якой стаіць рух культуры, ёсьць сялянства, людзі, якія ствараюць тэхнічную аснову і зьвязаныя з зямлёй. Вось гэта зараз знішчаюць.

Гэты працэс ідзе даволі хутка і залежыць зараз вельмі шмат ад таго, як хутка ён будзе перапынены.

Калі дыктатура яшчэ праіснуе гадоў дзесяць‑дваццаць — то гэта вельмі небяспечна.

Сітуацыя можа стацца неабарачальнай і ў пытаньні аднаўленьня нацыянальнай культуры, нацыі пасьля дыктатуры будуць уключаны новыя чыньнікі. А гэты чыньнік будзе часткова страчаны і таму будзе вельмі вялікая работа для ўсёй нацыі, каб гэта аднавіць. Таму ставіцца пытанне: хто гэтым будзе займацца. Гэтым будзе займацца тая частка нацыі, што жыве ў гарадах і будзе авангардам духам і інтэлекта. На чым гэты авангард духа і інтэлекта будзе абасноўвацца? На культуры і на літаратуры.

Літаратура ёсьць адным з чыньнікаў стварэньня нацыі. Калі няма літаратуры — нацыі няма. І вось тое, што створана беларуская літаратура, што ёсьць вялікія пісьменьнікі — гэта той запас, які не дасьць нацыі зьнікнуць.
Таму вельмі важна зараз літаратуру гэту захоўваць, множыць, распаўсюджваць і ведаць. Вельмі важна, каб беларус быў з ёй знаёмы і яна стала часткай яго сьвядомасьці. Мы мае гэту літаратуру. І зьнішчыць яе, як гэта не можа здацца парадаксальным, цяжэй, чым зьнішчыць сялянства. Але мы павінны ўсьведамляць, што мы павінны абараняць. Вораг беларушчыны, які нас зьнішчае, гэта разумее, нягледзячы на тое што ён цёмны, неадукаваны… Сіла зьнішчэньня заўсёды цёмная. І вось гэта трэба ведаць. А што датычыць пастаўленага пытаньня, што зьнішчаюцца носьбіты мовы, то трэба разумець, што чым хутчэй мы расправімся з дыктатурай, што чым хутчэй яна зьнікне, тым больш мы забясьпечым сабе наша развіцьцё і адраджэньне пасьля гэтага разбурэньня.

Поўны тэкст гутаркі: «Найбольшую папулярнасць сярод моладзі мае каталіцызм»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0