У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага 10 чэрвеня адбылася прэзентацыя зборніка «Брэст у 1919—1939 гады. Дакументы і матэрыялы».

У яго ўключана 187 архіўных дакументаў, якія расказваюць пра жыццё Брэста ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі.

Усяго для падрыхтоўкі выдання выкарыстана больш за 500 дакументаў з дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Сярод іх справаздачы, пратаколы, заявы, аб’явы, рапарты, статыстычныя даныя, данясенні. У выданні ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу размешчаны афішы, аб’явы, план горада і фатаграфіі. Амаль усе гэтыя дакументы публікуюцца ўпершыню. Зборнік падрыхтаваны супрацоўнікамі дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці пры ўдзеле выкладчыкаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта ім. А.Пушкіна.

«Працуючы над выданнем, мы ставілі сваёй мэтай праілюстраваць, выкарыстоўваючы архіўныя матэрыялы, усе бакі жыцця Брэста за гэтыя два дзесяцігоддзі, — сказала на прэзентацыі дырэктар архіва Брэсцкай вобласці Ганна Карапузава.

— У тым ліку, паказаць дзейнасць органаў кіравання, мясцовага самакіравання і паліцыі, дэмаграфічную сітуацыю, развіццё эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, культурнае жыццё, а таксама становішча ў горадзе ў першыя дні Другой сусветнай вайны. Усё гэта адлюстроўваецца ў васьмі тэматычных раздзелах зборніка».

На прэзентацыі адзначалася, што такі зборнік падрыхтаваны і выданы ўпершыню за амаль 70‑гадовую гісторыю архіва Брэсцкай вобласці. Прычым гэта першае ў рэспубліцы выданне, прысвечанае асобнаму рэгіёну, і яно ўжо выклікала цікавасць не толькі ў спецыялістаў. На мерапрыемстве прагучала, што ўжо разглядаецца пытанне аб дадатковым выданні зборніка для яго рэалізацыі ў кнігарнях.

Кніга выдана пры фінансавай падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і выйшла ў брэсцкім выдавецтве «Альтэрнатыва» накладам 314 асобнікаў, якія плануецца перадаць у музеі і бібліятэкі абласнога цэнтра, архівы іншых рэгіёнаў рэспублікі.

«Адной з асноўных вартасцяў гэтага выдання з’яўляецца непалітызаванасць. Падзеі ў ім падаюцца праз дакументы, якія суправаджаюць пэўныя каментары»,

— сказаў у інтэрв’ю БелаПАН вядомы брэсцкі журналіст, аўтар дакументальнай трылогіі пра Брэст «У пошуках згубленага часу» Васіль Сарычаў.

Дадамо, што пасля рэалізацыі гэтага праекта архівісты разам з гісторыкамі плануюць падрыхтаваць серыю зборнікаў дакументаў, прысвечаных гісторыі Брэста ў розныя перыяды. У прыватнасці, Брэст у 1939—1941 гады, Брэст у гады акупацыі (1941—1944).

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0