Наяўным станам дзьвюхмоўя ў нашай краіне заклапочаныя не адныя толькі рупліўцы беларушчыны, але і «чисторусские» паводле самасьвядомасьці людзі, якія спадзяваліся, што пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1995 г. яны неўзабаве здолеюць жыць у Беларусі, не сутыкаючыся тут нідзе зь ніякай іншай мовай, апрача роднай расейскай.

Беларусь, як вядома, з 1995 году «воляю народу» — афіцыйна дзьвюхмоўная краіна. Ёсьць адпаведны запіс у Канстытуцыі, згодна зь якім беларуская і расейская мова абвешчаныя раўнапраўнымі, ёсьць Закон аб мовах, дзе таксама падобны прынцып пасьлядоўна праводзіцца. Гладка ўсё, праўда, як у нас звычайна вядзецца, толькі на паперы, у выніку чаго сярэднестатыстычны гарадзкі жыхар можа за месяц часу і беларускага слова нідзе не пачуць… Хаця не — калі езьдзіць па сталіцы ён будзе не на ўласным аўто, а на гарадзкім грамадзкім транспарце, то атрымае ўнікальную магчымасьць пачуць запісаныя на стужцы дыктарскія словы: «Асьцярожна, дзьверы, зачыняюцца, наступная станцыя (прыпынак) такая і такая». І, вядома ж, можна паглядзець на беларускія надпісы на сьценах мэтро, на інфармацыйных табло ў наземным грамадзкім транспарце, на шыльдах з назвамі вуліц, на дарожных паказальніках ды на фасадах некаторых дзяржаўных установаў. Збольшага ж усюды пануе адна расейшчына, і перадусім — ва ўладных структурах ды на дзяржаўным тэлебачаньні.

Кожны ўспрымае такую сытуацыю па‑рознаму. Большасьць беларускіх грамадзян — абыякава, хтосьці — з занепакоенасьцю, яшчэ нехта — з адкрытым абурэньнем, а ў кагосьці літаральна сэрца з гэтай нагоды крывёю абліваецца. Да гэтай апошняй катэгорыі, як высьвятляецца, належаць не адныя толькі рупліўцы беларушчыны, для якіх захаваньне роднай мовы — справа жыцьця або сьмерці. Ня менш за іх заклапочаныя наяўным станам нашага дзьвюхмоўя і «чисторусские» паводле самасьвядомасьці людзі, якія спадзяваліся, што пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1995 г. яны неўзабаве здолеюць жыць у Беларусі, не сутыкаючыся тут нідзе зь ніякай іншай мовай, апрача роднай расейскай. Ажно не — аказваецца, амаль 15 гадоў прайшло, і ўсё яшчэ няма ім належнага душэўнага камфорту…

Днямі трывожны набат з прычыны таго, што ў афіцыйна дзьвюхмоўнай краіне захоўваюцца некаторыя зьнешнія, «паказушныя» прыкметы гэтага самага дзьвюхмоўя,

забіў выкладчык катэдры ідэалёгіі і палітычных навук Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Шыптэнка, зьмясьціўшы ў сваім блогу матэрыял пад красамоўнай назвай «Ползущая белорусизация», якая адна ва ўсіх прадстаўнікоў расейскага этнасу «ад Берасьця да Курылаў» відавочна мусіць выклікаць дрыжыкі ад прадчуваньня хуткай і немінучай страты «кананічнай тэрыторыі».
Тым больш што прыўладны ідэоляг нічога не сьцьвярджае галаслоўна — узброіўшыся фотаапаратам, ён праехаўся па менскім мэтро і некаторых менскіх вуліцах ды добрасумленна адшчоўкаў найбольш «вопиющие» факты моўнай дыскрымінацыі расейскамоўных грамадзян Беларусі.

«Минские улицы — ни одной таблички на русском, минское метро — ни одного указателя на русском, даже названия вузов и киосков — на «мове». Где двуязычие?» — з надрывам пытаецца господин Шыптэнка. Пры гэтым (які жах!) — «на «мове» указатели улиц не только в спальных районах на окраине города… но и в самом что ни на есть центре города все «белорусифицировано»».

Адразу не зразумееш, да каго ж гэты балесны стогн у першую чаргу скіраваны — да «любителей порассуждать о «русификации»» ці да «излишне увлеченных иллюзиями «братушек»». Толькі з наступных камэнтароў робіцца зразумелым, што асноўны адрасат «страшылкі» — усё ж такі наіўныя да гэтай пары «братушкі», відавочна не мясцовага паходжаньня. Наўрад ці грамадзянам Беларусі, хоць бы і дзесяць разоў расейскамоўным, быў бы сэнс тлумачыць, што Янка Купала — «потомок польских шляхтичей», псэўданім якога паходзіць «от названия народного, языческого праздника — дня Ивана Купалы», а Ўладзімер Мулявін — «приехавший из РСФСР, русский по национальности, кстати», які апынуўся ў ліку асобаў, шанаваных беларусамі, выключна дзеля «старой доброй черты местных клептоманов «прихватизировать чужих героев»». Далейшы расповед‑тлумачэньне пра асаблівасьці лятарэйнага бізнэсу ў «сінявокай» канчаткова надае ўпэўненасьці, што мэтавае прызначэньне дадзенага опусу — перадусім экспартнае.

Cьвядомасьць «чисторусского человека» — безумоўны фэномэн, асабліва што датычыць ягонага бачаньня сябе ў навакольным сьвеце ў суадносінах з прадстаўнікамі іншых народаў, якім выпала сумнеўнае шчасьце жыць зь ім у непасрэдным суседзтве. Стаўленьне такога чалавека да іншых культур і моваў — таксама фэнаменальнае, у першую чаргу дзеля сваёй унутранай супярэчлівасьці і сумяшчэньні, як падавалася б, абсалютна несумяшчальных уяўленьняў. Якая «каша» зьмяшчаецца ў галаве тыповага прадстаўніка актыўных русафілаў на былых «асколках Расійскай (Савецкай) імпэрыі», можна ўявіць з наступных ягоных выказваньняў, якія зьмясьціліся ў межах аднаго адказу на пярэчаньні апанэнтаў. Так, спачатку Шыптэнка пафасна абараняе само права расейскамоўных на карыстаньне роднай мовай:

Если подавляющее большинство населения отождествляет себя именно как носители русского языка, причем делают это добровольно, демонстрируя ежедневно и ежечасно не из‑под палки, высказываясь соответствующим образом на референдумах‑выборах (середина 1990‑х, когда таковые еще происходили в реале) и т.п., то что можно противопоставить этому? Я исхожу из ясного понимания следующих фактов: большинство населения разговаривает на русском, на майском референдуме 1995 г. подавляющее большинство граждан высказались против прежней языковой политики (насильственной «белорусизации»). Почти 3/4 высказались тогда «за». Какие еще нужны аргументы?

Пасьля гэтага кранальнага філіпіка аўтар ўсё ж такі ўспамінае, што на такі прыемны для ягонай расейскай душы рэфэрэндум выносілася пытаньне не замены беларускай мовы на расейскую, а будучага «раўнапраўя» гэтых моваў, таму, натуральна, як чалавек сапраўды талерантны ў расейскім разуменьні гэтага слова (а мы ж памятаем, што паводле здаўна замацаванай расейскай нацыянальнай ідэалёгіі расеец ніколі нікога не заваёўваў і не дэнацыяналізаваў — і далучэньні новых земляў, і наступная асыміляцыя мясцовага насельніцтва ажыцьцяўлялася выключна «добраахвотна»), лічыць патрэбным зрабіць рэвэранс у бок самога прынцыпу дзьвюхмоўя:

Два языка получили равный статус по Конституции. И это нормально. В Квебеке тоже сложно найти указатели на английском (хотя они есть). И нет проблем особых. И прекрасно живут Канада, Бельгия, Швейцария и т.д.

Усё, здаецца, добра, можна аж расчуліцца ад такой талерантнасьці. Адна толькі стрэмка муляе — чаму ж тады аўтара так «напружваюць» не такія ўжо і шматлікія (у параўнаньні з расейскамоўнымі) і фактычна абмежаваныя сфэрай грамадзкага транспарту, назвамі вуліц і некаторых дзяржаўных установаў беларускамоўныя шыльды на вуліцах Менску? Чаму б і нам ня жыць гэтак сама «прекрасно», як «Канада, Бельгия, Швейцария и т.д.»?

Відаць, гэта адбываецца толькі таму, што для господина Шыптэнкі беларуская мова — увогуле ня мова (нездарма часам ён падкрэсьлена бярэ гэтае словазлучэньне ў двукосьсе), а «искусственный лингвистический субпродукт», адзін з «диалектов («мов», «суржиков», «говоров») восточнославянских регионов» і г. д. Што з таго, што асобнасьць беларускай мовы ад расейскай прызнаная лінгвістамі ўсяго сьвету, у тым ліку і навукоўцамі Расейскай Акадэміі навук? Усе ж гэтыя людзі — не такія «образованные челы», як Сяргей Шыптэнка, які, як і належыць сапраўднаму працаўніку ідэалягічнага фронту Рэспублікі Беларусь, адмысловец па ўсіх праблемах, у тым ліку і мовазнаўчых. І ён ня супраць беларускай мовы ў прынцыпе, зусім не, проста не такая гэта мова, якой ягонай расейскай (нягледзячы на выразна ўкраінскае прозьвішча) душы хацелася б:

Ведь если бы тогда, в начале ХХ в. была проведена действительно фундаментальная этнографическая работа, если бы проф.Е.Карского местные недоучки, сделавшие себя «крастной профессурой» и «национальной интеллигенцией», не выдворили в РСФСР, если бы хватило ума наркомпросвету взять за основу не западный диалект с подачи Колоса (родных мест Колоса), а более восточный или южный, кто знает, может отношение к «литературному белорусскому языку» было бы иным…

У гэтай сувязі прыгадваецца даўні «барадаты» анэкдот. У савецкага функцыянэра ў часы, калі Савецкі Саюз дажываў апошнія дні і ўсе так ці іначай, калі хацелі застацца «пры кармушцы», мусілі дэманстраваць сваю прыхільнасьць да зьменаў, унутрана застаючыся ўсё тымі ж, пытаюцца: «Як вы ставіцеся да чырвона‑бела‑чырвонага сьцяга ў якасьці магчымага сьцяга абноўленага Савецкага Саюзу?». Адказ: «Ды цалкам станоўча стаўлюся. Адно толькі маю дзьве заўвагі: па‑першае, у левым верхнім куце пажадана было б зьмясьціць жоўтую зорку і серп з молатам, а па‑другое… белую паласу трэба прыбраць».

Так фактычна і Шыптэнка — я нічога ня маю супраць беларускай мовы, калі б толькі яна была «более восточной или южной», гэта, значыць, мабыць, калі б былі зь яе прыбраныя, «дзеканьне», «цеканьне», зацьвярдзелыя «р», «ч» ды прыведзеная ў адпаведнасьць з расейскімі ўзорамі асноўная лексіка. Карацей, любіў бы я беларускую мову, каб яна была не беларуская, а расейская.

Але Бог зь ім, Шыптэнкам. Права на выказваньне ўласнай пазыцыі, паводле сапраўды дэмакратычных (не ў «чисторусском» разуменьні гэтага слова) прынцыпаў ён безумоўна мае, і ім напоўніцу скарыстаўся. Прыкра, вядома, што людзям з гэткімі поглядамі давяраюць выкладаць у нашых ВНУ ідэалёгію беларускай (?) дзяржавы, але больш важным у гэтым кантэксьце падаецца іншае пытаньне: наколькі шмат у яго на сёньняшні дзень аднадумцаў сярод беларускіх расейцаў і расейскамоўных беларусаў? Ці шмат у каго зь іх таксама абліваецца сэрца крывёю і сьціскаюцца кулакі ў бясьсільнай злосьці ад выгляду беларускамоўнай шыльды і ад рэдкага гуку беларускага слова ў БЕЛАРУСКІМ горадзе? Як ні дзіўна, Шыптэнку можна нават падзякаваць, бо разьмяшчэньнем свайго матэрыялу ён дапамог правесьці своеасаблівы замер грамадзкіх настрояў, які засьведчыў, што ягоная агрэсіўна антыбеларуская рыторыка сёньня не карыстаецца грамадзкай падтрымкай увогуле. Ні сярод беларускамоўных (што натуральна), ні сярод расейскамоўных. Трэці дзень вісіць «фотарэпартаж» Сяргея Шыптэнкі ў Сеціве — і ніводнага з даволі шматлікіх на яго камэнтароў з адназначнай падтрымкай аўтарскай пазыцыі. Усе камэнтары — ці абуральныя, ці іранічна‑«сьцёбныя» (з аўтара). І гэта лішні раз сьведчыць пра даўно вядомы факт: расейскамоўнасьць і расейскасьць на постсавецкай прасторы — далёка не адно і тое ж. Большасьць беларусаў, нягледзячы на сваю значную зрусіфікаванасьць, усё ж такі не зьяўляюцца прыхільнікамі поўнага і канчатковага выдаленьня беларускай мовы з публічнай прасторы, і гэта дазваляе спадзявацца на тое, што будучая беларусізацыя мае шанцы на падтрымку кола куды шырэйшага, чым цяперашнія невялікія беларускамоўныя інтэлігенцкія асяродкі. Галоўнае, каб праводзілася яна не «тапорна», а гнутка і паступова. Можа, з тых жа самых шыльдаў найбольш разумна і пачынаць.

Алесь Юркавец, arche.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0