Шаноўнае спадарства, лідэры палітычных партый і грамадскіх арганізацый!

Вось ужо 15 год Беларусь жыве ва ўмовах прыцяснення грамадзянскіх свабодаў і адміністрацыйна – камадных захадаў у эканоміцы.

У выніку нашая краіна аказалася ў духоўным крызісе, без вызначанай стратэгіі свайго развіцця. Яна аказалася бездапаможнай перад эканамічным крызісам, выкліканым як знешнімі, так і ўнутранымі прычынамі. Наперадзе ўсіх нас могуць чакаць жорсткія выпрабаванні.

У гэтай сітуацыі, як ніколі, неабходна шчыльная кансалідацыя і ўзгодненыя, выніковыя дзеянні ўсіх здаровых дэмакратычных сілаў краіны. Але, на вялікі жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што крызіс адбываецца і ў нашым дэмакратычным асяродку. Напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў мы бачым новы ўздым спрэчак, узаемных папрокаў і абвінавачванняў. Замест таго, каб наладзіць выніковае і эфектыўнае супрацоўніцтва па дасягненні канкрэтна вызначаных мэтаў, многія партыі, рухі і асобныя палітыкі зноў засяроджваюцца на міжпартыйнай канкурэнцыі і высвятленні адносінаў паміж сабой.

Дасягненні папярэдніх гадоў, калі стала магчымым у значнай ступені аб'яднаць намаганні апазіцыі (амаль што адзіны прыклад на тэрыторыі СНД!) сёння пад пагрозай! Ствараюцца ці створаны ўжо некалькі цэнтраў па падрыхтоўцы да выбараў. Хаця ніводзін з іх паасобку, пры рэалістчным падыходзе, не мае арганізацыйных, фінансавых і электаральных рэсурсаў, патрэбных, каб эфектыўна правесці прэзідэнцкую кампанію. У спаборніцтве па арганізацыі шматлікіх кангрэсаў, сапраўднай мэтай якіх з’яўляецца вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду, арганізатары, здаецца, зноў забыліся, у якіх умовах адбываюцца выбары ў Беларусі.

Вялікай праблемай з’яўляецца і традыцыйнае ўхіленне дэмакратычных лідараў ды іх актыву ад прынцыповага аналізу вынікаў сваёй дзейнасці, нежаданне прызнаваць памылкі і браць за іх адказнасць.

Насуперак чаканням, не аб'яднала дэмакратаў і перспектыва ўдзелу ў еўрапейскай праграме «Усходняе партнерства». Гатоўнасць некаторых кіраўнікоў Еўразвязу супрацоўнічаць з уладамі Беларусі без папярэдніх умоваў небеспадстаўна насцярожыла значную частку грамадства. Тую, што лічыць: программа павінна працаваць на людзей і на перамены, а не на ўладу і кансервацыю сітуацыі.

Разам з тым, частка прадстаўнікоў дэмакратычнага лагеру спадзяецца на праграму як на магчымасць мадэрнізаваць і еўрапеізаваць Беларусь. Але колькі можна чакаць і спадзявацца? Апошнія 15 гадоў і так сталі для Беларусі часам згубленых магчымасцяў. І дагэтуль беларускімі ўладамі не зроблена ніводнага кроку па інстытуцыянальных зменах у краіне.

Таму, на нашу думку, усе здаровыя сілы Беларусі павінен аб'ядноўваць галоўны клопат – клопат за незалежнасць. І пагроза незалежнасці сёння сыходзіць не звонку, а ад дзеючага рэжыму, паколькі ён фактычна дэнансаваў канстытуцыйны прынцып народаўладдзя і вядзе адкрыты гандаль Беларуссю і яе маёмасцю.

Зыходзячы з гэтага, Рада беларускай інтэлігенцыі пацвярджае сваю пазіцыю: супрацоўніцтва з уладамі магчымае толькі як адказ на рэальныя крокі па лібералізацыі краіны. Яны сфармуляваныя Еўрасаюзам у выглядзе 12 умоў, ні адна з якіх дагэтуль не выканана.

Рада заклікае ўсе дэмакратычныя партыі і рухі не дапусціць працэсаў раздробленасці, якія могуць мець доўгатэрміновыя негатыўныя для краіны вынікі і неадкладна распачаць перамовы па пераадольванню крызісу ва ўзаемадачыненях, выпрацоўцы агульнай стратэгіі і тактыкі па вызначэнню і дасягненню адзіных мэтаў, якімі могуць быць толькі рэальныя дэмакратычныя пераўтварэнні, пераадольванне крызісу, дзяржаўная незалежнасць Беларусі.

Удзел у прэзідэнцкіх выбарах магчымы толькі пры ўмове ліквідацыі існуючай сістэмы фальсіфікаванняў. Неабходна ўнесці змены ў Выбарчы кодэкс: прадстаўнікі грамадскасці і партый павінны мець адпаведные квоты ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, назіральнікі павінны мець магчымасць рэальна кантраляваць падлік галасоў, у нашай сітуацыі неабходна адмяніць “папярэдняе галасаванне”. Неабходна таксама замяніць увесь склад ЦВК начале з Л. Ярмошынай..

Менавіта шляхі дасягнення гэтых мэтаў трэба першапачаткова разглядаць на адзіным Форуме Дэмакратычных Сілаў, які павінен засведчыць рэальную кансалідацыю на грунце праўды, здаровага сэнсу, маральнасці і гатоўнасці дзейнічаць у інтарэсах супольнай справы.

Да прэзідэнцкіх выбараў беларускія дэмакратычныя сілы павінны прыйсці з адзіным кандыдатам, гатовым да барацьбы за перамогу, а не проста да “удзелу дзеля падвышэння ўласнага рэйтынгу”. Мы заклікаем дзеля выбараў адзінага кандыдата выйсці за межы вузкага палітычнага асяродка і правесці кампанію з удзелам шырокіх колаў грамадскасці, людзей, якія з’яўляюцца маральным аўтарытэтам для нацыі. Па меншай меры, для той яе часткі, якая бачыць будучыню Беларусі як вольнай, дэмакратычнай і годнай еўрапейскай дзяржавы.

На наступных прэзідэнцкіх выбарах дэмакратычныя сілы павінны выступіць згуртаванай камандай. Лічым, што адзінай мэтай удзелу кандыдата дэмакратычных сіл у прэзідэнцкіх выбарах можа быць толькі перамога!

Рада інтэлігенцыі гатовая выкарыстаць вялікі інтэлектуальны патэнцыял сваіх сяброў, каб спрыяць у дасягненні гэтых мэтаў.

10 чэрвеня 2009 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0