12 чэрвеня прэм’ер‑міністр Беларусі наведае з аднадзённым рабочым візітам Кіеў. Ён сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, прэм’ер‑міністрам Юліяй Цімашэнкай, спікерам Вярхоўнай рады Уладзімірам Літвінам і лідэрам Партыі рэгіёнаў Віктарам Януковічам.

Падрыхтоўка перамоў Сідорскага і Цімашэнкі вялася з канца студзеня 2009 года, пасля сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін 20 студзеня ў Чарнігаве.

Паводле звестак прэс‑службы беларускага ўрада,

сёння ў Кіеве прэм’еры сустрэнуцца ў фармаце «сам‑насам», затым перамовы будуць працягвацца ў пашыраным складзе.

У праграме візіту таксама сустрэча прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Украіны.

Украіна — адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. У 2008 годзе тавараабарот павялічыўся больш чым у 1,6 разу: экспарт склаў 2,8 млрд. даляраў (больш у 1,9 разу), імпарт — 2,1 млрд. (у 1,4 разу). Станоўчае для Беларусі сальда склалася на ўзроўні 674,6 млн. даляраў.

У студзені—красавіку 2009 года пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу тавараабарот скараціўся на 53% у параўнанні з гэткім жа перыядам 2008 года і склаў 774,1 млн. даляраў. Экспарт беларускай прадукцыі скараціўся на 59,8% (да 405 млн. даляраў), імпарт з Украіны — на 42,3%. Станоўчае для Беларусі сальда ў гандлі таварамі склала 35,9 млн. даляраў.

У аснове беларускага экспарту — трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, халадзільнікі і маразільнікі, ліфты і ліфтавое абсталяванне, часткі і абсталяванне для аўтамабіляў і трактароў, нафтапрадукты, бітум нафтавы, палімеры этылену, шыны, камбайны, прычэпы і паўпрычэпы, пліты керамічныя, шкло паліраванае, панчошна‑шкарпэткавыя вырабы, цукар, рыбапрадукты.

Асноўны аб’ём імпарту з Украіны прыпадае на прамежкавыя і інвестыцыйныя тавары: металапрадукцыю, камплектавальныя, вузлы і дэталі для зборкі тэхнікі, макуху, сланечнікавы алей для вытворчасці камбікармоў, лакаў і фарбаў, газавыя турбіны, вагоны.

Ва Украіне дзейнічаюць больш як 100 структур тавараправоднай сеткі Беларусі, якія ажыццяўляюць дылерскія і дыстрыб’ютарскія функцыі.

Прэс‑служба Саўміна нагадвае, што 20 студзеня ў Чарнігаве Лукашэнка і Юшчанка падпісалі мемарандум
паміж урадамі і нацбанкамі аб выпрацоўцы сістэмы мер па інтэнсіфікацыі двухбаковага гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах сусветнага фінансава‑эканамічнага крызісу.

2 чэрвеня ў Чарнігаве першыя віцэ‑прэм’еры Беларусі і Украіны Уладзімір Сямашка і Аляксандр Турчынаў падпісалі дакумент аб рэалізацыі гэтага мемарандума.

Прадугледжана, у прыватнасці, фарміраванне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу Беларусі і Украіны, садзейнічанне ў стварэнні прадпрыемстваў аптова‑рознічнага гандлю на тэрыторыі дзвюх краін, прыняцце дадатковых мер па ўзаемным прызнанні вынікаў сертыфікацыі прадукцыі.

Ставіцца задача спрасціць працэдуру атрымання дазволаў на выязны гандаль у прыгранічных рэгіёнах, разгледзець магчымасць адмены антыдэмпінгавых і спецыяльных мер ва ўзаемным гандлі, выпрацаваць прапановы аб больш эфектыўным выкарыстанні камбінаваных перавозак грузаў у рэжыме цягніка «Вікінг» і стварэнні аптымальных умоў для развіцця перавозак па ўнутраных водных шляхах.

Бакам таксама трэба вырашыць пытанні выдзялення неабходнай колькасці дазволаў для праезду аўтатранспарту, адпрацаваць комплекс пытанняў, звязаных з узаемнымі пастаўкамі прадукцыі на ўмовах доўгатэрміновага лізінгу, вырашыць праблемы ў сферы разлікаў, у тым ліку якія тычацца канвертацыі валют.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0