Зніжэнне кошту бяспошліннага ўвозу тавараў з 1.000 да 200 еўра магчыма не раней, чым завершыцца сезон адпачынкаў.

Пра гэта 12 чэрвеня паведаміў журналістам у Мінску намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк.

«Цяпер вывучаецца мэтазгоднасць зніжэння кошту бяспошліннага ўвозу, — сказаў ён.

— Ёсць як тыя, якія падтрымліваюць гэтую ініцыятыву, так і тыя, хто супраць яе».

Барысюк зазначыў, што ў выпадку прыняцця рашэння аб зніжэнні кошту бяспошліннага ўвозу тавару ў грамадзяніна, які перасякае мяжу не з камерцыйнай мэтай, «праблем не павінна ўзнікаць». «Мы цывілізаваная краіна, і тое, што апранута на чалавеку, не будзе адносіцца да аб’екта падаткаабкладання», — дадаў ён.

Намеснік старшыні ДМК зазначыў, што зніжэнне кошту бяспошліннага ўвозу тавараў не азначае забароны на іх увоз.

«Увозіць будзе можна і больш, чым на суму 200 еўра, але з выплатай пошліны 30% ад кошту тавару», — сказаў ён.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0